БЕЛ Ł РУС

Каліноўцы выпусцілі фільм з сапраўднымі кадрамі падрыхтоўкі да штурму

6.02.2026 / 13:15

Nashaniva.com

Полк Каліноўскага зняў шматсерыйны фільм-дзённік «Тыдзень на фронце». Першую частку праекта пра жыццё і баі без ратацый ужо можна ўбачыць у сеціве.

Скрыншот відэа

Першая серыя дзённіка мае назву «Вораг у кіламетры: жыццё і баявая праца без ратацый». Каліноўцы абяцаюць паказаць у ёй рэальныя кадры з баявой пазіцыі на Запарожскім кірунку, дзе беларускія ваяры трымаюць вузкі, але важны ўчастак. На тым адцінку да расійскіх войскаў застаецца кіламетр-паўтара, і ў каліноўцаў ідзе падрыхтоўка да штурму.

У відэа ёсць кадры з падвала, дзе ваяры зладзілі сабе часовы дом — агляд таго сутарэння яны іранічна называюць рум-турам. Паказалі месцы для сну і так званы «цэнтр жыцця» — тэрмінал Starlink.

Ваяры не хаваюць ад камеры эмоцыі. Добраахвотнік Кос, які вядзе аповед у фільме, тлумачыць гэта:

«Графік дзяжурстваў на пазіцыі змяняецца ў залежнасці ад актыўнасці на кірунку. Гэтай ноччу нас некалькі разоў падымалі для страляніны з гранатамёта.

Сон пастаянна перапыняецца, нармальна выспацца складана. Таму настрой у ваяроў плавае».

У фільме паказваюць не толькі моманты баёў, але і хвіліны зацішша, калі ў ваяроў ёсць магчымасць спакойна пагаварыць. Абмяркоўваюць яны рознае — ад веганства, якога прытрымліваецца адзін з ваяроў, да жартоўнай сувязі гурта «Навібэнд» і партыі АГП.

У другой серыі прадстаўнікі палка абяцаюць расказаць пра штурм, які распачаўся ў наступныя дні пасля падзей першай серыі.

Чытайце таксама:

Расійскія ваенкары заяўляюць пра калапс сувязі на фронце пасля блакіроўкі Starlink

Зяленскі: На полі бою загінулі каля 55 тысяч украінскіх вайскоўцаў

Куды знікла «самая паспяховая ракета» Украіны «Фламінга»?

Каментары да артыкула