Ціма Беларускіх паехаў у першы вялікі тур пасля хатняй хіміі за наркотыкі — па Расіі
Спявак Ціма Беларускіх знік з радараў пасля таго, як у 2021 годзе яго асудзілі на два гады хатняй хіміі паводле наркатычнага артыкула 328. У 2024‑м пасля вымушанага падполля і цішыні ён пачаў выкладваць новыя песні, а цяпер адпраўляецца ў першы вялікі тур.
Ціма Беларускіх (Цімафей Марозаў). Фота: афіцыйны тэлеграм-канал спевака
У гастрольным графіку артыста на бліжэйшыя месяцы выключна расійскія гарады — Ніжні Ноўгарад, Перм, Масква, Санкт-Пецярбург, Навасібірск, Краснадар.
Гэты тур павінен быў здарыцца яшчэ год таму, але тады яго нечакана адмянілі. Сам Ціма тлумачыў гэта тым, што вырашыў падсабраць пабольш новага матэрыялу. Маўляў, не хацелася радаваць гледачоў выключна старымі хітамі. Паслухаць спевака можна было толькі на фестывалях і рэдкіх адзінкавых сола-канцэртах.
Некаторыя прыхільнікі абурыліся, што ў гастрольным графіку няшмат гарадоў і там няма Беларусі: «У мяне квіток ляжыць з 2021‑га пасля адмены канцэртаў, а грошы так і не вярнулі», — пішуць слухачы з розных гарадоў. Акурат у тым годзе музыку злавілі з 0,4 грама гашышу ў начным клубе.
Фота: афіцыйны тэлеграм-канал спевака