БЕЛ Ł РУС

Маладзечанская фермерка трапіла пад пераслед пасля скаргі ў тыктоку на чужых кароў

5.02.2026 / 11:54

Nashaniva.com

Жыхарка Маладзечанскага раёна Настасся Чарняўская, якая разам з мужам трымае аграсядзібу, сутыкнулася з ціскам з боку сілавікоў пасля публікацыі відэароліка аб сваіх побытавых праблемах са статкам чужых кароў. За гэта яе ледзь не ў экстрэмізме абвінавацілі.

Настасся Чарняўская, гаспадыня аграсядзібы «Мара дзяцінства», запісала ролік пра тое, што шукае справядлівасці — каровы, якія блукаюць па ўскраінах Маладзечна ўжо некалькі гадоў, ствараюць праблемы мясцовым жыхарам. Фермеры Юрый і Настасся Чарняўскія — адны з пацярпелых. У ноч на 4 лютага ім давялося тры разы адганяць кароў ад сваёй сядзібы.

І пасля гэтага відэа органы ўлады сапраўды адгукнуліся.

Новы ролік Настасся запісала, ідучы з Маладзечанскага РАУС.

«Пабыла я тут шмат гадзін. Разбіраліся з маімі відэаролікамі, якія многім не вельмі спадабаліся. Стан мой, можна сказаць, шокавы. Я звярталася па дапамогу праз свае ролікі на бяздзейнасць — куды ні звярніся, усюды замкнёнае кола, ніхто нічога не хоча рабіць…

А ў гэтых роліках угледзелі ледзь не экстрэмісцкую дзейнасць маю. Забралі тэлефон, выдалілі гэтыя ролікі без майго ведама… Сказалі, што гэта не кампетэнцыя РАУС — займацца каровамі і гэтак далей. Дзень прапаў дарэмна. І пачуццё несправядлівасці», — кажа Настасся.

Паводле яе слоў, яе выклікалі супрацоўнікі міліцыі проста з дому.

Прыехалі нібыта разабрацца па яе роліку. Пыталіся пра падрабязнасці, пра кароў, пра тое, колькі ўжо з гэтымі каровамі пакутуюць.

Сказалі: «Паехалі з намі ў РАУС да начальніка міліцыі, там будуць сабраныя ўсе датычныя асобы, будзем размаўляць і вырашаць праблему». Яна і паехала.

«Прыязджаю, мяне заводзяць у кабінет і забіраюць тэлефон. Канфіскацыя — наогул ніхто нічога не тлумачыць, нешта там капаюцца, ні пра што не папярэджваючы.

Высвятляецца, што на мяне ледзь не адміністрацыйную справу заводзяць за тое, што я сваім ролікам падбухторваю да нейкай экстрэмісцкай дзейнасці. Хто-небудзь бачыў у мяне заклікі да экстрэмізму? Я ж звярнулася са сваёй бядой!» — дзівіцца жанчына. 

А вось з каровамі ў РАУС, як і ўсюды, адмовіліся дапамагчы — не іх, кажуць, кампетэнцыя. Параілі звяртацца ў сельсавет, у выканкам.

«Я ведаю, куды мяне пашлюць у сельсавеце і выканкаме. Стаю як каля разбітага карыта і не ведаю, што будзе далей. Дакладней, ведаю, і ад гэтага яшчэ горш», — рэзюмуе жанчына. 

Пад новым відэа Настасся адключыла каментары, але яго лайкнула больш за 12 тысяч чалавек.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула