БЕЛ Ł РУС

У Мінску пасажырка пасварылася з кіроўцам тралейбуса. Хто быў вінаваты?

5.02.2026 / 11:35

Nashaniva.com

У тыктоку мінчанка паскардзілася на кіроўцу тралейбуса, якая нібыта не прадала білеты па першай просьбе. Чым скончыўся канфлікт, пішуць Мінск-навіны.

Інцыдэнт паміж пасажыркай і вадзіцелькай тралейбуса № 90 адбыўся на пачатку лютага. Паводле слоў мінчанкі, яна ў спешцы заскочыла ў салон праз заднія дзверы і накіравалася да кіроўцы, каб купіць білеты. Аднак тая нібыта праігнаравала пасажырку — транспарт пачаў ад’язджаць ад прыпынку. На скрыжаванні, калі тралейбус стаяў на святлафоры, мінчанка зноў паспрабавала набыць талоны.

— Адсоўвае, значыць, сваё крэсла кіроўцы, паварочваецца да мяне і кажа: «Я што, вам тут, касір? Ты што, не бачыш, што ты мяне адцягваеш? Я на святлафоры стаю», — пераказвае дыялог мінчанка.

— Я кажу: «Вы ж не едзеце? Вы стаіце». Яна пачынае сварыцца, крычаць на мяне, я таксама з ёй спрачаюся. У выніку яна адварочваецца і кажа: «Ды пайшла ты».

Пасажырка сцвярджае, што лаянка працягнулася і на наступным прыпынку, а сам відэаманалог заканчваецца разважаннямі: мінчанка не вінаватая ў тым, што вадзіцеляў абавязваюць прадаваць талоны.

У «Мінсктрансе» разабралі сітуацыю — грубасць з боку кіроўцы была пацверджана:

— За парушэнне працоўнай інструкцыі ў частцы культуры абслугоўвання пасажыраў кіроўца тралейбуса прыцягнута да адказнасці. Таксама з ёй правялі дадатковы інструктаж аб недапушчэнні падобных выпадкаў, — паведамілі на прадпрыемстве, аднак адзначылі, што меркаванне гараджанкі аб’ектыўна не адлюстроўвае сутнасці і не раскрывае ўсіх абставін канфлікту.

Так, сама пасажырка падзякавала кіроўцы за тое, што тая пачакала яе і дала магчымасць зайсці праз заднія дзверы (мінчанка не чакала транспарт на прыпынку, а падбягала да тралейбуса). Пасля гэтага вадзіцелька пачала рух, а гэта значыць, што ёй неабходна пераканацца ў бяспецы пачатку руху ад прыпынку, і ўся яе ўвага засяроджаная на дарозе. Продаж білета ў гэты момант немагчымы.

Спецыялісты нагадалі, што для набыцця білета ў кіроўцы неабходна заходзіць у транспартны сродак праз пярэднія дзверы. Пры гэтым продаж білетаў ажыццяўляецца толькі на прыпынкавых пунктах. Забараняецца адцягваць кіроўцу ад кіравання транспартным сродкам і замінаць яму падчас руху.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула