БЕЛ Ł РУС

Шуневіч: Першы сезон палявання на рысяў скончыўся поўным правалам

4.02.2026 / 20:09

Nashaniva.com

Старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, колішні міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў першы за многія гады сезон палявання на рысь правальным. З 57 дазволеных для здабычы жывёл у мінулым сезоне было забіта толькі шэсць асобін, або каля 10,5%.

Першая забітая за амаль сорак гадоў рысь у Беларусі. Фота: Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў

Шуневіч адзначыў, што сітуацыя з рыссю «неадназначная» і поўны правал сезона звязаны з тым, што дазволілі спосабы палявання толькі падыходам і з засады, без загонных паляванняў.

Падчас гэтага сезона забітыя жывёлы хутчэй сталі «папутнай здабычай», бо ў беларускіх паляўнічых няма адпаведнага досведу і магчымасцяў для палявання з сабакамі.

Ён таксама падкрэсліў, што ўсе заклапочанасці эколагаў адносна ўплыву палявання на папуляцыю былі перабольшаннем: фактычна паляванне на рысь не стала «феноменам нацыянальнага палявання».

Сезон палявання на рысяў працягваўся з 31 кастрычніка 2025 года па 31 студзеня 2026 года. Дазвол на паляванне быў дадзены пастановай Савета Міністраў № 233 ад 23 красавіка 2025 года, а ахоўны статус рысі быў паніжаны пастановай Мінпрыроды № 10 ад 14 сакавіка 2025 года.

Паляванне дазволена ў Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Дазвол на здабычу рысяў для грамадзян Беларусі і краін Еўразійскага эканамічнага саюза каштуе 200 рублёў, для іншых дзяржаў — 500 рублёў. 

Раней паведамлялася, што першы сезон палявання на іншага чырванакніжнага звера, мядзведзя, быў, наадварот, вельмі паспяховы: з 40 выдзеленых жывёл забілі 39.

Чытайце таксама:

Маладая рысь трапіла ў капкан у Бабруйскім раёне, потым давялося рабіць аперацыю

Уладальніцай першай жаночай паляўнічай прэміі стала жонка Ігара Шуневіча

У мінулым годзе ў Беларусі паляўнічыя застрэлілі 39 мядзведзяў

Каментары да артыкула