Прызначаны намеснік прадстаўніцы па моладзевай палітыцы і студэнцтве ва ўрадзе Ціханоўскай
У Прадстаўніцтве па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Аляксей Грахоўскі будзе ўзначальваць напрамак моладзевых праблем.
Кандыдатуру Аляксея Грахоўскага ўзгадніла кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, як таго і патрабуе працэдура, паведамляе АПК.
Найперш новы намеснік зоймецца праблемамі мабільнасці моладзі, адукацыі і працаўладкавання.
Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава так канкрэтызавала задачы, якія стаяць перад яе намеснікам: «Першая прыярытэтная задача — мабільнасць. Маладыя людзі рухаюцца. Яны наладжваюць кантакты. Яны будуюць сеткі. Больш ніякіх бар’ераў. Другая прыярытэтная задача — адукацыя. Рэальная адукацыя для нармальнай будучыні. Сапраўдныя магчымасці. Трэцяя прыярытэтная задача — праца. Рэальны бізнес. Рэальныя кар’еры. Маладыя беларусы павінны мець магчымасць будаваць сабе жыццё, якога яны сапраўды заслугоўваюць».
Паводле Ворыхавай, моладзевыя праблемы — не новыя для Аляксея Грахоўскага.
Ён адказваў за ўцягнутасць моладзі ў дэмакратычных палітычных арганізацыях, вырашаў праблемы студэнтаў у замежжы, дасягнуў таго, каб адукацыя ў Еўропе была магчымай для моладзі з Беларусі: «Ён мабілізаваў, арганізоўваў і даводзіў справы да выніку. Да рэальнага выніку, а не да пустых абяцанняў».
«Занадта доўга беларускую моладзь ігнаравалі. Адсоўвалі ўбок. Казалі чакаць. Казалі маўчаць. Прымушалі прымаць хлусню рэжыму пра іх будучыню. Больш не. Не пры нас», — заявіла Маргарыта Ворыхава.
Аляксей Грахоўскі нарадзіўся ў Мінску 22 ліпеня 2003 года. Выпускнік Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. У 2025 годзе скончыў бакалаўрыят ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані на кірунку міжнародныя зносіны, дыпламатыя. Працягвае там жа адукацыю на магістратуры.
З 2019 — сябра ТБМ. У 2023 сузаснаваў Беларускую моладзевую грамадска-палітычную арганізацыю LICHTAR. Сябра Задзіночання Беларускіх Студэнтаў. Валодае беларускай, польскай, англійскай, украінскай і рускай мовамі, вывучае нямецкую