Трамп заявіў, што Пуцін «стрымаў абяцанне» не абстрэльваць украінскія гарады на працягу тыдня
Вашынгтон і Кіеў па-рознаму ацэньваюць вынікі энергетычнага мараторыя, пра які Дональд Трамп прасіў Уладзіміра Пуціна на мінулым тыдні. Амерыканскі прэзідэнт заяўляе, што Крэмль выканаў сваё абяцанне не біць па гарадах падчас маразоў, а Уладзімір Зяленскі канстатуе, што Расія выкарыстала гэтую паўзу толькі для назапашвання ракет і падрыхтоўкі яшчэ больш маштабнага ўдару.
«Ён пагадзіўся, ён стрымаў сваё слова», — сказаў пра Пуціна прэзідэнт ЗША Дональд Трамп журналістам у Белым доме, піша BВС. Паводле яго слоў, Расія, як і было абяцана, не абстрэльвала ўкраінскія гарады да 1 лютага.
Пра энергетычны мараторый стала вядома 29 студзеня — тады Трамп сказаў, што асабіста папрасіў Уладзіміра Пуціна не наносіць удары па Украіне на працягу тыдня на час маразоў, а Пуцін пагадзіўся.
Крэмль пазней паведаміў, што Расія прыпыняе ўдары па энергетычных аб’ектах Украіны да 1 лютага «з мэтай стварэння спрыяльных умоў для правядзення перамоў».
З моманту, калі пра спыненне ўдараў стала вядома, і да пачатку новых расійскіх удараў прайшло менш за тыдзень, пра што заявіў прэзідэнт Зяленскі. «Няпоўныя чатыры дні прайшлі з тыдня, пра які Расію прасілі. Гэта сведчыць і пра ўсё астатняе, што Расія абяцае ці яшчэ можа паабяцаць. Калі іх слова не трымаецца ўжо зараз, то чаго чакаць далей?» — сказаў украінскі прэзідэнт.
Раней прэзідэнт Зяленскі заявіў, што ў Кіеве чакаюць рэакцыі ЗША на маштабны расійскі ракетны абстрэл Украіны. «Была просьба асабіста ад прэзідэнта Злучаных Штатаў. Мы бачым, што Расія на гэтую просьбу адказала рэкордам балістыкі», — сказаў Зяленскі ў вячэрнім звароце 3 лютага.