БЕЛ Ł РУС

За пяць гадоў у Мінску адкрыюць тры новыя станцыі метро

3.02.2026 / 23:10

Nashaniva.com

У Мінску ў межах найбліжэйшай пяцігодкі плануюць адкрыць тры новыя станцыі метро на трэцяй лініі. Пра гэта паведаміў дырэктар Мінскага метрапалітэна Аляксей Шылаў, піша БелТА.

Фота: Lookby.media

Развіццё мінскай падземкі, са слоў Аляксея Шылава, будзе працягвацца: паскорана будаўніцтва трэцяй, Зялёналужскай лініі да станцыі «Парк Дружбы народаў» на плошчы Бангалор, а таксама пачнецца ўзвядзенне чацвёртай — кальцавой — лініі. Для гэтага закуплены другі тунэлепраходчы комплекс, што дазволіць адначасова будаваць два тунэлі.

Рух па новым участку трэцяй лініі плануюць адкрыць у межах пяцігодкі, пасля чаго абедзве машыны перакінуць на будаўніцтва кальцавой лініі — ад «Пушкінскай» да будучай станцыі «Харкаўская». Праектаванне ідзе паскоранымі тэмпамі, а значную частку работ на кальцавой лініі плануюць выканаць за пяць гадоў.

Інтэрвалы руху цягнікоў застануцца ранейшымі: у гадзіны пік 2 хвіліны на першай лініі і 2,5 хвіліны на другой. Пасля адкрыцця новых станцый трэцяй лініі пасажыраплынь на ёй ужо вырасла амаль на 218%, і такі ж рост чакаецца з уводам яшчэ трох станцый. Гэта дасць магчымасць перасякаць горад за 20—25 хвілін.

Са слоў дырэктара метрапалітэна, у 2025 годзе метро перавезла 267 мільёнаў пасажыраў — у сярэднім каля 730 тысяч чалавек штодня. Летась набылі 20 новых вагонаў, а цяпер рыхтуецца пастаўка яшчэ 15.

Сёння метрапалітэн забяспечвае каля 36,6% усіх гарадскіх перавозак Мінска, а пасля адкрыцця станцыі на плошчы Бангалор колькасць пасажыраў можа дасягнуць 800 тысяч на дзень, што павялічыць долю метро да 40%.

Чытайце таксама:

Ці жывуць у мінскім метро велізарныя пацукі?

У мінскім метро расказалі, што хаваецца за загадкавымі дзвярыма на сценах станцый

З праекта будаўніцтва мінскага метро выкінулі яшчэ дзве станцыі — «Кіеўскі сквер» і «Політэхнічную»

У мінскім метро скарочаныя інтэрвалы

Каментары да артыкула