БЕЛ Ł РУС

У Парыжы правялі ператрус у мясцовым офісе X і выклікалі на гутарку Ілана Маска

3.02.2026 / 20:01

Nashaniva.com

У Парыжы пракуратура правяла ператрус у французскім офісе сацыяльнай сеткі X, якая належыць Ілану Маску, і выклікала самога Маска на «добраахвотную гутарку». Французскія ўлады расследуюць некалькі абвінавачванняў у адносінах да платформы X і яе чат-бота Grok, піша Бі-бі-сі.

Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images

Сачыць за расследаваннем дапамагаюць аддзел кіберзлачынстваў жандармерыі і Europol.

Справа была распачатая яшчэ ў студзені 2025 года пасля скаргі французскага палітыка Эрыка Батарэля з прапрэзідэнцкай партыі «Адраджэнне», які сцвярджаў, што пасля куплі сацсеткі Twitter Іланам Маскам у 2022 годзе алгарытмы сеткі сталі прадузятыя да пэўных палітычных поглядаў. Спачатку расследаванне разглядала гэта як магчымае замежнае ўмяшанне ў французскую палітыку.

У лістападзе да справы дадаліся абвінавачванні ў дачыненні да чат-бота Grok, які, паводле пракуратуры, распаўсюджваў публікацыі з сумнеўнымі сцвярджэннямі пра выкарыстанне нацыстамі газу ў лагерах смерці. У студзені Францыя разам з Еўракамісіяй і Вялікабрытаніяй пачалі яшчэ адно расследаванне супраць Grok за стварэнне «раздзетых» фотаздымкаў рэальных людзей.

Брытанскі рэгулятар Ofcom таксама расследуе X Grok праз «сэксуалізаваныя» вобразы, створаныя ботам. У адной з заяў X адзначыла, што забараніла Grok генераваць падобны кантэнт там, дзе ён незаконны. Аднак пацярпелыя лічаць, што кампанія Маска xAI, якая распрацавала Grok, і X увогуле не павінны былі надаваць боту такую функцыю.

У Вялікабрытаніі ў выпадку прызнання вінаватасці X пагражае штраф да 10% ад сусветнага абарачэння або 18 мільёнаў фунтаў, у ЕС — да 6% ад сусветнай выручкі. Падобныя расследаванні праводзяцца таксама ў Аўстраліі і Германіі. У Інданезіі і Малайзіі Grok часова забаранілі, аднак пазней абмежаванне знялі.

Чытайце таксама:

Штучны інтэлект пераварочвае порнаіндустрыю

Ілан Маск запусціў «Грокіпедыю» — альтэрнатыву «Вікіпедыі»

У ChatGPT можна будзе генераваць эротыку

Нейрасетка Ілана Маска выклікала скандал, ухвальна выказваючыся пра Гітлера

Каментары да артыкула