БЕЛ Ł РУС

Silva Rerum зменіць вашы ўяўленні пра Вялікае Княства, Рэч Паспалітую і Вільню

8.02.2026 / 08:00

Зося Лугавая

Сяргей Шупа, які пераклаў Silva Rerum на беларускую мову, сам вырашыў прачытаць тэтралогію пасля таго, як пачуў ад гісторыка Алега Латышонка, «які ўвогуле мастацкіх кніг не чытае», што «гэтая выпадкова да яго трапіла, і яна аказалася выдатнай». Пра кнігу Крысціны Сабаляўскайце дэталёва расказвае Зося Лугавая. 

Першы том тэтралогіі Silva Rerum выйшаў у 2008‑м і перавыдаваўся ўжо больш за 20 разоў, гэта абсалютны рэкорд для Літвы. Гэтая кніга стала поспехам таксама ў Польшчы і Латвіі. 

Silva Rerum на лаціне значыць «лес рэчаў». Так называлі сямейныя хронікі, якія модна было складаць у добрых дамах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. У іх з пакалення ў пакаленне запісвалі даты жыцця, падзеі, лісты, успаміны, палітычныя навіны, вершы, рэцэпты, малітвы.

Чаму гістарычны раман, для якога аўтарка выбрала такую назву і падзеі якога разгортваюцца ў XVII—XVIII стагоддзях, стаў такі папулярны? 

Сіла Сабаляўскайце ў тым, што яна стварыла кнігу цалкам у духу ХХІ стагоддзя: яе тэкст глыбока псіхалагічны, рэфлексіўны.

Ад таго на адрас аўтаркі нават гучалі дакоры: маўляў, тагачасныя людзі не маглі так думаць, гаварыць і мець такія матывацыі. Але Крысціна Сабаляўскайце не толькі таленавітая пісьменніца, яна яшчэ і доктарка мастацтвазнаўцтва, якая шмат гадоў даследавала тую эпоху ў архівах. Асаблівасці тагачаснага побыту, адзення, звычак яна ювелірна ўпісвае ў сюжэт. У выніку створаная прастора адчуваецца глыбокай, сапраўднай, у яе правальваешся з усёй магчымай чытацкай асалодай.

Цікава, што ў тэксце амаль няма абзацаў і зусім няма дыялогаў, яны як бы ўпісаныя ў агульны тэкст. Тым не менш, пачаўшы чытаць, спыніцца немагчыма. Вытанчанае спалучэнне сучаснай мовы (дасканалы Шупаў пераклад) і глыбокага ведання асаблівасцяў тагачаснага жыцця робяць ні з чым не параўнальнае ўражанне. 

Падзеі тэтралогіі ахопліваюць прыкладна 100 гадоў — з канца XVII стагоддзя, амаль адразу пасля «Крывавага патопу», і да канца існавання ВКЛ пры канцы XVIIІ стагоддзя.

На фоне гістарычных падзей разгортваецца лёс шляхецкага роду Нарвойшаў, якія паходзяць з Жамойці. 

Кнігу часта называюць вялікай віленскай сагай, але падзеі адбываюцца ва ўсім ВКЛ: у першай кнізе пераважна ў Вільні, ў другой — у Вільні і Жамойці, а ў трэцяй, напрыклад, амаль усё дзеянне адбываецца на тэрыторыі Беларусі: у Нясвіжы, Слуцку, Чарнаўчыцах, Смургонях. І нават Менск эпізадычна з’яўляецца на старонках.

І вось яшчэ адна асаблівасць тэтралогіі Сабаляўскайце: Silva Rerum — гэта гістарычны раман такога тыпу, які выходзіць за патрыятычныя межы. Аўтарка не прапагандуе. Яна глядзіць на герояў з розных ракурсаў і бачыць усіх: і польскамоўную шляхту, і жамойцкіх сялян, і сялян беларускіх, і гарадское жыдоўскае насельніцтва. 

Крысціна Сабаляўскайце. Фота Wikimedia Commons 

Больш за тое, у Сабаляўскайце выдатна атрымліваецца глядзець вачыма розных людзей.

Мы бачым літвінаў вачыма расейцаў і вачыма шведаў, мы бачым гояў-віленчукоў вачыма віленскіх жыдоў, а жамойцкіх сялянаў — вачыма высакароднай літвінкі з Горадні.

«…больш жорсткага да сваіх дзяцей племені, чым гоі, ён не ведае, бо колькі ў Вільні недагледжаных нованароджаных дзяцей, пакінутых у шпіталях, колькі сіротаў бадзяліся па вуліцах абадраныя і брудныя, паміралі з голаду або бязлітасна выкарыстоўваліся рамеснікамі, ніякі прыстойны чалавек ня мог сабе ўявіць, што ўжо казаць пра тое, што ніводзін жыд, які сябе паважае, ніколі не аддаў бы свайго немаўляці чужым людзям…» — разважае віленскі лекар Арон Гордан.

«…але наогул так тым літвінам і трэба, слабы, расцярушаны, скончаны яны народ, дні іхнай славы ўжо прамінулі, а цяпер займаецца зара новага стагоддзя, новага веку, і гэты век будзе наш, гэты век будзе векам рускіх перамогаў — так сабе думаў палкоўнік Аксенці Пятровіч Фамін».

«…а гэты край, хоць і ўраджайны, быў мала чаго варты: вёскі — занядбаныя, згалелыя, людзі — неахайныя, непрыгожыя, дзікія, некаторыя — не нашмат лепшыя за жывёлу, іх паны — сварлівыя ганарыстыя дурні, якія тупую пыху ставяць вышэй за інтарэсы краіны… І войска ў іх, колькі Турэ Тыбеліюс Магнусан яго бачыў, было смешнае, бо кожны пан сам склікаў жаўнераў, а калі нават тыя і шлі ў які полк, дык тыя палкі між сабой не разумеліся і сварыліся…» — думкі афіцэра шведскай арміі.

«Лясы тут былі зусім іншымі, чым пад Вільняй, зусім інакшыя, чым у Падляшшы вакол Белай; тут яны былі цёмныя, першабытныя, нібы разрослыя кудлы ў падпахах свету, з нязведанымі чалавекам абшарамі, яны ўглядаліся рысіным вокам з нетраў, якія патаналі ў сутонні нават апоўдні; усё ў гэтым краі было іначай, нават твары людзей задваліся іншымі» — назіранні высакароднай Ганны Кацярыны з Катовічаў Нарвойшавай.

Сярод водгукаў літоўскіх чытачоў можна знайсці такія, што Сабаляўскайце недастаткова кампліментарна паказвае ў кнізе літоўцаў. Але сачыць за тым, як аўтарка мяняе прызмы і раскрывае падзеі і людзей з розных бакоў — надзвычай цікава. У яе няма «любімчыкаў», яна не шкадуе нікога, але за гэтым усім адчуваецца дасведчаная справядлівасць.

«Няма больш згубнай рэчы для ўчорашняга цёмнага паганца за рымска-каталіцкую веру, бо ў гэтым пахмурным краі ўсё яшчэ жыве нейкае першабытнае тупое і ўпартае зло, нейкая стыхія цемры, якая глыбока пранікла ўсюды і якая ўсмоктваецца з матчыным малаком, і толькі моцныя духам людзі могуць ёй супрацьстаяць, але тая стыхія ўрываецца ў душы людзей нечакана, і яны пачынаюць чыніць зло, а ўчыніўшы, ідуць на споведзь да ксяндза і ўмомант атрымліваюць дараванне за свае грахі, як бы нічога і не было, без ніякіх дакораў сумлення, бо ведаюць, што добры Божачка ім усё адно даруе… І князь Януш Радзівіл, чалавек надзвычай празорлівы, сказаў тады Нарвойшу, што жамойтам можа дапамагчы толькі вера Кальвіна, які сцвярджае, што ўсе грэшнікі сапсаваныя і асуджаныя ад самага нараджэння і толькі ласка ўсёмагутнага Госпада можа іх уратаваць, і што ніякія пакаянні і споведзі ў канцы жыцця не дапамогуць…»

Silva Rerum — сапраўдная энцыклапедыя тагачаснага жыцця ў нашым супольным Вялікім Княстве. Вось, напрыклад, фрагмент пра каву. Сабаляўскайце ўсяго толькі расказвае пра звычкі эксцэнтрычнай гераіні. Але адначасова — пра культуру кававання на пачатку XVIII стагоддзя:

«…усё, што ёй засталося — толькі турэцкая кава, прадаваная ў аптэках як сродак ад дрэнннага стрававання, і гэтага дабра пасля венскай перамогі над туркамі не бракавала, аднак яна паступіла абачліва, накупіўшы ладны запас, бо цяпер праз шведскую вайну зноў нічога было немагчыма здабыць, а глыток той гаркаты ў маленечкай пазалочанай філіжанцы адразу па апоўдні быў адзінай прыемнасцю яе дня, а аслаблыя вочы расплюшчваліся шырэй». 

У Silva Rerum шмат абліччаў: гэта і гістарычны, і сямейны, і любоўны раман. Як падкрэслівае Сяргей Шупа, аднолькава зразумелай і блізкай яна будзе менавіта беларусам і літоўцам. Бо яна пра нас, пра нашу сумесную гісторыю. Гэта кніга — пра Вільню, якая шматкроць паўставала з попелу. Праз якую хто толькі не хадзіў — ад казакаў і шведаў да чумы.

Вільня ў кнізе жывая, супярэчлівая, маленькая і вялікая адначасова. Спакуслівая і страшная, прыгожая і жахлівая. Як і сваіх герояў, Крысціна Сабаляўскайце не шкадуе Вільні. Але і спявае ёй оду: у кожным віленскім фрагменце адчуваецца любоў, павага і захапленне гэтым горадам, які выжыў. 

«…гэты разбураны і спустошаны горад, які тыя, хто яго ня любіць, называлі проста вялікай вёскай, быў па-свойму магутнай часцінкай свету — бо з пякельнай упартасцю ўваскрэс і зноў цягнуўся ўгору, і зноў у касцёлах вешалі званы і прыносілі залатыя воты, зноў прыгожа ўбіраліся жанчыны, зноў паліцы раскрадзенай і спаленай маскалямі бібліятэкі памалу напаўняліся кнігамі, і зноў дзейнічала Катэдра цывільнага права». 

Па-беларуску выйшлі ўжо ўсе чатыры кнігі тэтралогіі: першыя дзве часткі выйшлі ўвосень 2025 года, а 3‑я і 4‑я — у сярэдзіне студзеня 2026-га.

Крысціна Сабаляўскайце. Silva Rerum. — Прага: Vesna, 2025—2026 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула