У Мінску кіроўца аўтобуса не пусціў у салон жанчыну з сабакам. Ці мае ён рацыю?
У сацыяльных сетках шырока абмяркоўваюць відэа мінчанкі, якую кіроўца гарадскога аўтобуса не пусціў у салон праз тое, што яна была з сабакам. Відэа ў тыктоку сабрала больш за 200 тысяч праглядаў і выклікала спрэчкі: карыстальнікі масава абмяркоўвалі, хто меў рацыю ў гэтай сітуацыі, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Фота ілюстрацыйнае
Жанчына расказала, што ёй трэба было праехаць усяго два прыпынкі, каб адвезці сабаку на прышчэпку. Сабака быў на павадку і ў намордніку, білет ягоная гаспадыня прабіла, аднак аўтобус не крануўся з месца. Кіроўца запатрабаваў выйсці, заявіўшы, што з жывёламі ў грамадскім транспарце ездзіць нельга, акрамя маленькіх, якія знаходзяцца ў пераносках. Пры гэтым, паводле слоў жанчыны, ніякіх тлумачэнняў ці спасылак на правілы ёй не далі.
Аўтарка відэа лічыць, што кіроўца зрабіў няправільна, а такую забарону назвала дыскрымінацыяй у адносінах да жывёл. У каментарыях меркаванні падзяліліся: адны прапаноўвалі пісаць скаргу, другія спасылаліся на няісныя правілы, а трэція проста выказвалі спачуванне гаспадыні і сабаку.
Да абмеркавання далучылася і жанчына, якая назвала сябе кіроўцай аўтобуса і ўладальніцай сабакі. Яна адзначыла, што разумее эмоцыі мінчанкі, але дзейныя правілы перавозкі жывёл не на яе баку.
У «Мінсктрансе» ж растлумачылі, што пасажыры павінны кіравацца двума нарматыўнымі дакументамі: правіламі аўтамабільных перавозак пасажыраў і правіламі перавозак гарадскім электратранспартам.
Згодна з імі, у салоне дазваляецца перавозіць дробных свойскіх жывёл і птушак толькі ў клетках, сумках або пераносках з воданепранікальным дном, пры ўмове захавання санітарных нормаў і бяспекі. Пра перавозку буйных сабак без пераноскі ў гэтых правілах не гаворыцца.
Выключэннем з’яўляюцца сабакі-павадыры, якія суправаджаюць людзей з парушэннямі зроку. Такія жывёлы могуць знаходзіцца ў салоне на законных падставах і перавозяцца бясплатна.
У «Мінсктрансе» таксама падкрэслілі, што менавіта кіроўца нясе адказнасць за кантроль выканання правіл перавозкі жывёл у грамадскім транспарце.
Чытайце таксама:
У Мінску жанчына выкінула з дзявятага паверха чыхуахуа свайго каханка
Шпіца ў Слуцку скралі для таго, каб не было сумна іншаму сабаку