Прэм'ер Літвы: Пацяплення ў адносінах з Беларуссю я не бачу, і для гэтага няма прычын
Інга Ругінене заяўляе, што ў найбліжэйшы час адносіны Літвы з Беларуссю наўрад ці пацяплеюць, а для Мінска ва ўзаемадзеянні з Вільняй «важней дэманстраваць сілу».
Фота: Foto Olimpik/NurPhoto via Getty Images
«Пакуль што я не бачу пацяплення ў гэтых адносінах і, верагодна, для гэтага няма прычын», — заявіла кіраўніца ўрада ў інтэрв’ю BNS у аўторак, паведамляе LRT.
І. Ругінене адзначыла, што абмяркоўвала адносіны Вільні і Мінска таксама з адной з прадстаўніц беларускай апазіцыі Марыяй Калеснікавай.
«Пакуль Беларусь праяўляе агрэсію, пакуль яна ўспрымае толькі мову сілы, бачыць, што на нас можна паўплываць толькі ціскам, (…) мы сапраўды не бачым магчымасці хаця б крыху «размарозіць» гэтыя адносіны. Мы не падтрымліваем зносіны на мове сілы і выразна пра гэта заяўляем», — сказала прэм’ер-міністр.
Паводле слоў старшыні Камітэта Сейма па замежных справах Рэмiгіюса Матузаса, зараз канкрэтная сустрэча намеснікаў міністраў Літвы і Беларусі не ўзгадняецца, аднак у Вільні абмяркоўваецца, якім мог бы быць змест перамоў з Мінскам і на якой нейтральнай тэрыторыі яны маглі б адбыцца.