БЕЛ Ł РУС

Італьянская біятланістка перад самым стартам зімовай Алімпіяды праваліла допінг-тэст

2.02.2026 / 21:44

Nashaniva.com

У Італіі яшчэ да пачатку зімовых Алімпійскіх гульняў выбухнуў першы допінг-скандал. Італьянская біятланістка Рэбека Паслер здала станоўчую допінг-пробу напярэдадні стартаў.

Рэбека Паслер. Фота: lequipe.fr

У аналізах 24‑гадовай спартсменкі знайшлі летразол — прэпарат, які ўжываецца для зніжэння ўзроўню эстрагену і часта выкарыстоўваецца для маскіроўкі наступстваў прыёму анабалічных стэроідаў. Допінг-тэст быў узяты па-за спаборніцтвамі. У выніку Паслер чакае дыскваліфікацыя.

На юніёрскім і маладзёжным узроўні гэта біятланістка заваявала сем медалёў чэмпіянатаў свету, у тым ліку золата ў эстафеце. У Кубку свету яна двойчы брала бронзу ў эстафетных гонках. У гэтым сезоне яе найлепшы вынік — 11‑е месца ў спрынце ў нямецкім Оберхофе, а ў агульным заліку Кубка свету яна займае 33‑е месца.

Бацька спартсменкі, Ёган Паслер, у 1988 годзе заваяваў першы для Італіі алімпійскі медаль у біятлоне — бронзу на зімовых Алімпійскіх гульнях у канадскім Калгары.

Зімовыя Алімпійскія гульні 2026 года пройдуць у італьянскіх Мілане і Карціне-д’Ампеца з 6 да 22 лютага.

Чытайце таксама:

На Зімовую Алімпіяду ў Італію едзе катастрафічна нізкая колькасць беларускіх спартоўцаў

На Зімовай Алімпіядзе выступіць рэкордна нізкая колькасць расіян

Беларускія біятланісты не трапяць на Алімпіяду — нават у нейтральным статусе

Беларуска Дар’я Далідовіч выступіць у Кубку свету па біятлоне ў якасці бежанкі

Каментары да артыкула