БЕЛ Ł РУС

У гурта Relikt выйшаў новы альбом Ramantyzm

2.02.2026 / 16:33

Nashaniva.com

Беларускі гурт Relikt, удзельнікі якога ўжо некалькі гадоў жывуць і працуюць за межамі краіны, прадставіў новы студыйны альбом пад назвай Ramantyzm. У рэліз увайшло восем кампазіцый. Альбом даступны для праслухоўвання і запампоўкі на папулярных музычных платформах — Spotify, Apple Music, KION Music, Play, а таксама на YouTube.

Як адзначае ў рэцэнзіі на новы альбом аўтар тэлеграм-канала «Беларуская музыка» Аляксандр Чарнуха, Relikt — гурт, які пастаянна развіваецца, але не страчвае ўласнага стылю. Прайшоўшы шлях ад гранжу і постметалу да асэнсавання беларускай традыцыі і рок-класікі, музыкі прыйшлі да альбома Ramantyzm — цэласнай і самадастатковай работы без патрэбы ў жанравых ярлыках.

У альбоме адчуваюцца ўплывы розных гуртоў, але яны не засланяюць уласныя моцныя песні. Тут у поўнай меры раскрыўся кампазітарскі талент Relikt: кампазіцыі шматслойныя, складаныя, але гарманічныя і паказваюць гурт у найлепшай форме.

Асобнай вартасці заслугоўвае лірыка Аляксандра Дземідзенкі — канцэптуальная, эмацыйна дакладная і змястоўная. Такім чынам, падсумоўвае рэцэнзент, Ramantyzm — прыгожы і трагічны альбом, які раскрываецца пры паўторным праслухоўванні.

Некалькі гадоў таму ўдзельнікі Relikt былі вымушаныя пакінуць радзіму праз палітычны ціск. У эміграцыі гурт працягнуў актыўную працу і выдаў некалькі альбомаў. У 2022 годзе выйшаў дыск Byli, Jość, Budziem з пераасэнсаваннем песень знакавых беларускіх выканаўцаў 1980— 1990‑х гадоў. У 2024 годзе Relikt запісаў кампазіцыю Biełaruś maja, новую версію вядомай песні Сержука Сокалава-Воюша «Аксамітны летні вечар».

Увогуле на сёння ў дыскаграфіі гурта ўжо дзевяць студыйных альбомаў. Relikt неаднаразова атрымліваў прэстыжныя музычныя ўзнагароды ў Беларусі і Польшчы, выступаў у розных краінах, у тым ліку ва Украіне і Літве. 

Чытайце таксама:

Relikt прэзентаваў кавер і кліп на культавую песню 1990-х

Эміграцыя, эксперыменты і новыя імёны. Сабралі 23 беларускія музычныя альбомы 2023 года

Выходзіць альбом кавераў на песні беларускай рок-сцэны 1990-х

Каментары да артыкула