Улады Ірана апублікавалі спіс загінулых падчас пратэстаў. У ім амаль тры тысячы імёнаў
У пераліку, апублікаваным канцылярыяй прэзідэнта Ірана, прыводзяцца даныя аб 2985 загінулых падчас антыўрадавага пратэсту ў студзені.
Фота: Getty Images
Заяўляецца, што спіс быў сфарміраваны на падставе даных судова-медыцынскай экспертызы і сістэмы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану.
Імёны некаторых ахвяр не былі ўключаны ў дакумент, піша Радыё Фарда са спасылкай на іранскіх праваабаронцаў. На іх думку, улады спрабуюць «паменшыць маштабы злачынства».
Раней адміністрацыя прэзідэнта Ірана паведаміла, што ўсяго падчас пратэставых акцый загінулі 3117 чалавек, аднак 131 цела яшчэ нібыта не апазнана.
Незалежная праваабарончая арганізацыя Human Rights Activists in Iran, якая базуецца ў ЗША, паведамляла, што падчас пратэстаў у Іране памерлі 5848 чалавек, з іх 5520 былі ўдзельнікамі маніфестацый. Праваабаронцы адзначалі, што гэтыя смерці былі афіцыйна пацверджаныя, яшчэ па 17 091 выпадку праверка працягваецца.