БЕЛ Ł РУС

Золата працягвае рэзка таннець, ужо 4600 даляраў за унцыю

2.02.2026 / 12:24

Nashaniva.com

Пасля 5500 даляраў за унцыю на мінулым тыдні цана ўпала да 4600 даляраў.

Фота: Osaka / Wayne Studio / Getty Images

Цэны на золата і срэбра сёння абрынуліся да новых мінімумаў. У ходзе таргоў золата губляла да 6,3%, срэбра — да 11,9%.

Сёння цана на золата за унцыю апускалася нават да 4400 даляраў, але потым крыху адыграла і цяпер таргуецца па $4645 за унцыю. 

Яшчэ некалькі дзён таму абодва металы лічыліся «ціхай гаванню» для інвестараў, але цяпер рэзкае падзенне стала шокам для рынку.

Штуршком да распродажаў стаў сігнал з Вашынгтона.

Дональд Трамп заявіў пра намер вылучыць Кевіна Уорша на пасаду кіраўніка Федэральнай рэзервовай сістэмы. Уорш вядомы сваёй жорсткай пазіцыяй у барацьбе з інфляцыяй, і рынкі ўспрынялі гэта як канец чаканняў слабога даляра. Амерыканская валюта прыкметна ўмацавалася, што аўтаматычна ўдарыла па золаце і срэбры, якія таргуюцца ў далярах.

Пры гэтым палітычны фактар наклаўся на перагрэты рынак. За апошні год золата істотна падаражэла, а срэбра расла асабліва імкліва, прыцягваючы спекулятыўных інвестараў, у тым ліку з Кітая. 

За ўвесь 2025 год золата падаражэла на 64 працэнты, у пачатку 2026 года рост складаў амаль 20 працэнтаў.

Так, у сярэдзіне снежня 2025 года метал каштаваў 4500 даляраў за унцыю, у мінулы панядзелак, 26 студзеня, золата ўзяло планку 5000 даляраў і працягвала даражэць шалёнымі тэмпамі: аўторак — 5100, серада раніцай — 5200, серада (дзень) — 5300 даляраў, у чацвер наблізілася да 5600, але потым пачалося падзенне. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула