БЕЛ Ł РУС

Колькі каштуе «прыкурыць» аўто ў моцны мароз?

2.02.2026 / 11:18

Nashaniva.com

У моцныя маразы рэзка павялічыўся попыт на паслугі тэхнічнай падтрымкі.

Кіроўцы часта не могуць самастойна завесці аўтамабіль, калі ў машыне сеў акумулятар, а правадоў для «прыкурвання» няма. Як высветліла агенцтва Мінск-Навіны, у сталіцы запусціць акумулятар легкавага аўто можна за 25 рублёў.

Спецыялісты службаў тэхдапамогі кажуць, што ў моцны мароз часцей за ўсё ўзнікаюць праблемы з запускам рухавікоў менавіта з-за акумулятараў. Прычым гэта не залежыць ад маркі і года выпуску аўто. Кіроўцам раяць заліваць поўны бак паліва і забіраць акумулятар дадому, у цяпло, каб не знікала ёмістасць.

У сталічных службах аўтапамогі расцэнкі на зімовыя паслугі для машын прыкладна аднолькавыя. «Прыкурыць» легкавое аўто можна ад 25 рублёў і вышэй, грузавік — ад 70 рублёў.

Калі бак пусты, дастаўка патрэбнага аб’ёму паліва абыдзецца ў суму ад 50 рублёў. Пры гэтым праверка на месцы працы генератара, стартара і стану батарэі можа быць бясплатнай.

Але перад выклікам кіроўцы мусіць упэўніцца ў непрацоўнасці акумулятара. Бо, калі аўтамабіль не завёўся па іншых прычынах (напрыклад, з-за паломкі стартара, сістэм рухавіка, замярзання або адсутнасці паліва), прыйдзецца аплачваць поўны кошт паслугі. Таму спачатку трэба праверыць, ці гараць фары, працуе абдзьмуванне шкла і гэтак далей.

Як расказалі ў адной са сталічных кампаній, апошнімі днямі колькасць званкоў з просьбай аб дапамозе павялічылася ў некалькі разоў, і эвакуатар у іх працуе кругласутачна. Перавезці легкавое аўто вагою ад 2 тон, у тым ліку ўніверсал, седан, хэтчбэк, будзе каштаваць ад 100 рублёў.

У іншай службе аўтадапамогі расказалі, што за эвакуацыю легкавага аўто бяруць 70 рублёў і вышэй, мінівэна — ад 75 рублёў, уседарожніка — ад 80 рублёў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула