БЕЛ Ł РУС

Падстаўныя спатканні і аблавы: як у Беларусі цкавалі ЛГБТ у 2025 годзе

1.02.2026 / 19:13

Nashaniva.com

Узурпацыя прыватнага жыцця, крыміналізацыя слоў і атмасфера татальнага страху — такімі былі вынікі 2025 года для ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі. Ініцыятыва TG House апублікавала маніторынг, які фіксуе не проста адрасныя рэпрэсіі, а сістэмнае выцісканне «непажаданых» людзей з краіны.

Ружовы аўтазак, стаў неад'емным атрыбутам беларускай калоны на гей-прайдах у Вільні. Фота: Наша Ніва

Дзяржаўная палітыка мінулага года канчаткова перайшла ад дыскрымінацыйнай рыторыкі да стварэння паўнавартаснай рэпрэсіўнай машыны. Калі раней ціск часта меў адрасны характар, то цяпер улады ўзяліся за ідэалагічную зачыстку на заканадаўчым узроўні, прыраўноўваючы правы чалавека да крымінальных злачынстваў.

Закон як інструмент стыгматызацыі

Галоўнай падзеяй года стала прыняцце паправак у Закон «Аб правах дзіцяці», якія з студзеня 2026 года легалізуюць забарону на «прапаганду гомосэксуальных адносін і змены полу». Аднак больш за ўсё праваабаронцаў трывожыць новы артыкул у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях (19.16 КоАП). Гэтая норма наўмысна ставіць у адзін шэраг гомасэксуальнасць, трансгендарнасць і педафілію. Такі падыход не толькі маніпулятыўны, але і небяспечны: ён не ўтрымлівае выразных крытэрыяў «прапаганды», што дазваляе сілавікам караць за любы допіс у сацсетках ці нават прыватнае меркаванне.

Асобны ўдар быў нанесены па трансгендарных людзях праз медыцынскую сферу. У верасні Міністэрства аховы здароўя выключыла лекара-сэксалога з камісіі карэкцыі полу, замяніўшы яго псіхіятрам-нарколагам. Гэта крок да поўнай паталагізацыі: дзяржава цяпер афіцыйна разглядае гендарную ідэнтычнасць як цяжкае псіхічнае адхіленне або залежнасць.

Падстаўныя спатканні і аблавы ў клубах

Тактыка сілавікоў у 2025 годзе стала больш вычварнай. TG House зафіксаваў выпадкі выкарыстання дэйтынг-дадаткаў (напрыклад, Hornet) для арганізацыі «падстаўных спатканняў». Замест патэнцыйнага партнёра на сустрэчу прыязджаюць супрацоўнікі наркакантролю або ГУБАЗіКа, якія пад пагрозамі правяраюць тэлефоны і спрабуюць схіліць людзей да супрацоўніцтва.

Масавыя аблавы таксама вярнуліся ў практыку. У ліпені і верасні сілавікі ўрываліся на закрытыя вечарынкі ў мінскія клубы «Рыа» і «Рэактар». Сцэнарый заўсёды аднолькавы: людзей кладуць тварам у падлогу, праводзяць ператрусы, а затрымліваюць пераважна тых, чыя знешнасць не адпавядае «традыцыйным нормам». Пасля такіх рэйдаў у праўладных тэлеграм-каналах з’яўляюцца відэа з тварамі ўдзельнікаў, што суправаджаецца доксінгам і здзеклівымі каментарамі.

Ціск праз блізкіх і турмы

Рэпрэсіі дастаюць людзей нават у эміграцыі. Даследчыкі апісваюць выпадкі, калі сілавікі прыходзяць да бацькоў актывістаў, якія з’ехалі ў Польшчу ці Францыю. У сваякоў праводзяць ператрусы, іх выклікаюць на «гутаркі», патрабуючы адрасы і кантакты дзяцей.

Асабліва крытычным застаецца становішча такіх асоб у месцах пазбаўлення волі. У беларускай турэмнай іерархіі адміністрацыя наўмысна выкарыстоўвае «нізкі статус» ЛГБТК+ зняволеных як інструмент катаванняў. Пра гэта ў 2025 годзе адкрыта заяўлялі былыя палітвязні, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі і блогер Вадзім Ермашук (Vadimati). Паводле іх слоў, ЛГБТ-людзі ў калоніях знаходзяцца пад пастаяннай пагрозай фізічнага гвалту, які альбо ігнаруецца, альбо заахвочваецца наглядчыкамі.

«Санітарны кантроль» над літаратурай

Ідэалагічны ціск закрануў і кніжны рынак. Міністр інфармацыі Марат Маркаў адкрыта назваў забарону кніг з ЛГБТК-тэматыкай «аналагам санітарнага кантролю і прышчэпкі». Пад рэвізію трапілі выданні буйных выдавецтваў, накшталт «Эксмо» і Popcorn Books, якія раней масава ішлі з Расіі. Цяпер больш за 170 выданняў афіцыйна прызнаныя «шкоднымі для інтарэсаў краіны», а медыя аб гендары і сэксуальнасці, такія як «ДазХіп», атрымалі статус «экстрэмісцкіх фармаванняў».

Медыцынская блакада

Для трансгендарных людзей у Беларусі магчымасць медыцынскага пераходу стала амаль нерэальнай. У краіне застаўся толькі адзін спецыяліст, які мае права весці гэтую працэдуру. Любы ягоны адпачынак ці хвароба цалкам спыняюць працэсы для сотняў пацыентаў. На пасяджэннях камісій аб пераходзе людзі сутыкаюцца з зневажальнымі пытаннямі пра інтымнае жыццё, а працэнт адмоў застаецца стабільна высокім.

Вынікі і перспектывы

Праваабаронцы канстатуюць: у Беларусі адбываецца таталітарызацыя сферы асабістага жыцця. Дзяржава спрабуе манапалізаваць права чалавека на ўласную ідэнтычнасць, падзяляючы грамадзян на «правільных» і «небяспечных». Гэта вядзе да новай хвалі вымушанай эміграцыі і сыходжанне супольнасці ў глыбокае падполле.

TG House рэкамендуе міжнародным інстытутам улічваць гэты спецыфічны рэпрэсіўны кантэкст: часта пацярпелыя ад пераследу ў Беларусі не маюць на руках ніводнага афіцыйнага пратакола ці паперы, бо сілавікі аддаюць перавагу неафіцыйнаму ціску і запалохванню. Адсутнасць «паперкі» не азначае адсутнасць рызыкі для жыцця.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула