БЕЛ Ł РУС

Расія ўдарыла шахедам па радзільні ў Запарожжы

1.02.2026 / 18:51

Nashaniva.com

У нядзелю расійскія войскі атакавалі Запарожжа ўдарнымі беспілотнікамі. Адзін з дронаў пацэліў проста ў гінекалагічнае аддзяленне медустановы. Маштабнай трагедыі ўдалося пазбегнуць толькі дзякуючы таму, што пацыенткі і лекары своечасова спусціліся ў сховішча. Тым не менш, без параненых не абышлося, паведамляе Міністэрства аховы здароўя Украіны.

Наступствы расійскага ўдару па радзільні ў Запарожжы. Фота: Запарожская вайсковая адміністрацыя

Паводле звестак МАЗ, у момант удару ў сховішчы медустановы знаходзіўся 31 чалавек: 15 супрацоўнікаў і 16 жанчын, сярод якіх былі тры парадзіхі з немаўлятамі. Гэта выратавала іх ад непазбежнай гібелі, бо асноўны ўдар прыйшоўся акурат па лячэбным корпусе, дзе выбух выклікаў пажар.

Аднак па-за межамі сховішча заставаліся людзі ў суседніх памяшканнях. Параненні атрымалі лекарка, медсястра і пацыент прыватнай стаматалагічнай клінікі, якая месцілася ў гэтым жа комплексе. Усіх траіх у стане сярэдняй цяжкасці шпіталізавалі. Агулам пасля атакі на медустанову вядома пра шасцярых пацярпелых.

Наступствы расійскага ўдару па радзільні ў Запарожжы. Фота: Запарожская вайсковая адміністрацыя

Наступствы расійскага ўдару па радзільні ў Запарожжы. Фота: Запарожская вайсковая адміністрацыя

«Пуцін ваюе насуперак мірным намаганням»

Удар па бальніцы выклікаў вострую рэакцыю ў Кіеве. Міністр замежных спраў Андрэй Сібіга падкрэсліў, што Расія ідзе на эскалацыю тэрору нават тады, калі сусветная супольнасць абмяркоўвае мажлівыя мірныя перамовы.

«Пуцін працягвае ваяваць з цывільнымі грамадзянамі — насуперак мірным намаганням. Толькі сіла можа прымусіць яго спыніць агрэсію і тэрор. У ціску на Маскву і падтрымцы Украіны не павінна быць паўз», — заявіў Сібіга.

Тэрор працягваўся ўвесь дзень

Агульная колькасць пацярпелых у Запарожжы за нядзелю вырасла. Праз некалькі гадзін пасля атакі на радзільню яшчэ адзін расійскі дрон ударыў па горадзе, параніўшы дзвюх жанчын і дзіця.

Наступствы расійскага ўдару па радзільні ў Запарожжы. Фота: Запарожская вайсковая адміністрацыя

Наступствы расійскага ўдару па радзільні ў Запарожжы. Фота: Запарожская вайсковая адміністрацыя

Упаўнаважаны ў правах чалавека Дзмітрый Лубінец адзначыў, што ўдар па гінекалагічным аддзяленні быў свядомым нападам на жанчын і яшчэ ненароджаных дзяцей:

«Для РФ не існуе ніякіх чырвоных ліній. За кожнае такое злачынства павінна наступіць адказнасць».

Наступствы расійскага ўдару па радзільні ў Запарожжы. Фота: Запарожская вайсковая адміністрацыя

Наступствы расійскага ўдару па радзільні ў Запарожжы. Фота: Запарожская вайсковая адміністрацыя

Наступствы для медустановы

У выніку трапляння ў лякарні выбітыя вокны, пашкоджаны фасад і знішчанае медыцынскае абсталяванне. Пажар, які ўспыхнуў на другім паверсе, удалося патушыць.

Пацыенткі, якіх выратавала сховішча, былі неадкладна пераведзеныя ў іншыя аддзяленні і шпіталі горада. Цяпер псіхолагі працуюць з парадзіхамі, якія перажылі наймацнейшы стрэс. Расійскі бок, нягледзячы на відэадоказы разбураных палат, працягвае сцвярджаць, што наносіць удары толькі па вайсковых аб'ектах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула