У Мінску закрываецца папулярная гастрапляцоўка
Каманда VULITSA EZHA абвясціла, што спыняе працу на гастрапляцоўцы «Лепшая вуліца». Пра гэта паведамляецца ў інстаграме праекта.
«Тры гады, напоўненыя сустрэчамі, усмешкамі, творчасцю і непадробнай энергіяй, былі для нас неверагодным падарожжам. Тры гады, прысвечаныя гэтаму праекту, мы тварылі з вялікім запалам і любоўю, і бачылі, як ваша падтрымка і актыўны ўдзел напаўнялі нашу працу сэнсам.
Кожны з вас стаў часткай нашай вялікай сям'і. Вы не проста госці, вы — творцы і душа гастрапляцоўкі! Вы натхнялі нас кожны дзень. Мы былі шчаслівыя бачыць, як ідэі ператвараюцца ў рэальнасць дзякуючы вашым водгукам.
Хоць шлях нашай каманды тут завяршаецца, успаміны аб праведзеных разам днях застануцца ў нашых сэрцах. Мы спадзяёмся, што вы панесяце з сабой часцінку нашай агульнай гісторыі і яна будзе саграваць вас у будучыні», — гаворыцца ў заяве.
Каманда падзякавала ўсім, хто быў з ёй увесь гэты час. І анансавала новыя сустрэчы на іншых праектах.