БЕЛ Ł РУС

Гамяльчанка стала сурагатнай мамай, каб забяспечыць сваё дзіця, а былы муж адсудзіў большую частку ганарару

1.02.2026 / 15:26

Nashaniva.com

Жанчына вырашыла стаць сурагатнай маці, каб забяспечыць уласнае дзіця пасля таго, як яе кінуў муж. Але спачатку немаўля, якое яна выношвала для іншай пары, памерла ад сіндрому раптоўнай смерці, а потым былы муж праз суд запатрабаваў палову ганарару.

У рэдакцыю «Моцных Навін» звярнулася Таццяна (імя зменена). Яе гісторыя — не з шараговых: жанчына наважылася на сурагатнае мацярынства, каб зарабіць на ўтрыманне свайго дзіцяці. Многія не ведаюць, але ў Беларусі яно дазволена, рэгулюецца законам «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях» і лічыцца адным з іх відаў нароўні з ЭКА.

Таццяна кажа, што да рашэння яе падштурхнула адсутнасць фінансавай дапамогі на дзіця ад мужа, які сышоў да іншай жанчыны. На жаль, гісторыя з цяжарнасцю скончылася трагічна, але і пасля гэтага няшчасці сурагатнай мамы не скончыліся. Паводле слоў суразмоўцы, яна хоча папярэдзіць усіх жанчын, якія плануюць уступіць у праграму сурмацярынства: калі ёсць праблемы ў сямейных адносінах, іх трэба вырашыць «на беразе».

«Зацяжарыла праз ЭКА ў 2023 годзе»

Дакументальна Таццяна аформіла з мужам Кірылам (імя таксама змянілі) развод толькі год таму, але фактычна шлюб распаўся яшчэ ў 2023-м, калі яна даведалася, што ў мужа ёсць іншая жанчына. Пэўны час пара яшчэ жыла пад адным дахам, але муж паступова перавозіў рэчы да новай дзяўчыны.

Грошай не хапала, і менавіта гэта заахвоціла жанчыну зарабіць на сурагатным мацярынстве.

— Далучылася да праграмы сурагатнага мацярынства ў мінскай кампаніі, прайшла ўсе абследаванні і зацяжарыла праз ЭКА ў 2023 годзе. На той момант муж яшчэ не канчаткова пакінуў наш дом, але пра сурагатную цяжарнасць не ведаў. Зрэшты, мы ўжо не жылі як муж і жонка, інтымных адносін паміж намі не было.

Таццяна прайшла абследаванні і пазнаёмілася з біялагічнымі бацькамі, гэта аказалася пара з Расіі. Сурагатнай маме перасадзілі два эмбрыёны. Прыжыўся адзін, Таццяна пачала выношваць дзіця.

Згодна з дамовай, заверанай у натарыуса, за гэта ёй належала ўзнагароджанне 14 300 даляраў.

Урачы канстатавалі раптоўную смерць

Роды адбыліся на 37‑м тыдні цяжарнасці, але, на жаль, немаўля памерла. Прычынай назвалі сіндром раптоўнай дзіцячай смерці: як патлумачылі медыкі, такое здараецца, пакуль дзіця занадта малое і мышцы ў яго не развітыя — яно як бы «забываецца» дыхаць.

Таццяна кажа, што з біялагічнымі бацькамі яна пасябравала і камунікуе да гэтага часу. Дзіця яна вынасіла — так што ёй заплацілі частку сумы — 9 тысяч даляраў.

Тым часам адносіны Таццяны з Кірылам станавіліся ўсё горшымі.

Кірыл падаў у суд — вырашыў забраць палову ганарару, атрыманага за сурагатную цяжарнасць. На момант аплаты паслуг Таццяны як сурмамы яна з Кірылам яшчэ знаходзілася ў шлюбе, а значыць, грошы лічыліся сумесна нажытымі.

Кірыл выйграў суд — паводле яго рашэння Таццяна павінна аддаць яму 7500 даляраў.

Як выйшла, што былы муж забраў большую частку ганарару? Справа ў тым, што ў натарыяльнай дамове значыліся тыя самыя 14 300 тысяч даляраў — іх палову мужчына і адсудзіў. Зрэшты, Таццяна кажа, што пасля паўтара года нервовых судовых пасяджэнняў сама здалася і пагадзілася аддаць грошы. Былая пара заключыла міравое пагадненне.

— Я працую і паціху іх выплачваю. Хачу сваім прыкладам папярэдзіць жанчын, якія задумваюцца стаць сурагатнай маці: вось так былыя мужы могуць адабраць сабе частку грошай. Не паўтарайце маю памылку і прадумайце свае крокі, калі ў вас адносіны з партнёрам дрэнныя, — падсумоўвае Таццяна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула