БЕЛ Ł РУС

КДБ спрабаваў завербаваць праваабаронцу Алену Танкачову. Яе дэпартавалі з Беларусі

1.02.2026 / 13:44

Nashaniva.com

Алена Танкачова была вымушаная пакінуць Беларусь і цяпер знаходзіцца ў Расіі. Пра гэта Reform.news распавяла яе дачка Кацярына Данейка.

Алена Танкачова. Фота: Ales Bialiatski

Алена Танкачова каля 10:30 раніцы 29 студзеня выйшла выгуляць сабаку, і яе затрымала група захопу. Затрыманне адбылося каля пад'езда дома ў Мінску.

Да 14:00 праводзіўся ператрус. Сілавікі шукалі «прадметы, дакументы і іншыя абставіны, якія былі б звязаныя з падтрымкай экстрэмісцкай дзейнасці як унутры Беларусі, так і за яе межамі».

Алена Танкачова была дапытаная ў якасці сведкі ў гарадскім упраўленні КДБ. Допыт доўжыўся прыкладна да 1:30 30 студзеня.

Увесь гэты час праваабаронцу спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва.

«Гэта значыць, іх цікавілі праваабарончыя групы за мяжой і ўнутры краіны. У першую чаргу. І пытанні таго, якім чынам арганізавана альбо існуе донарская дапамога. Ад супрацоўніцтва адмовілася», — распавяла Алена Reform.news.

Раніцай Алене Танкачовай паведамілі, што яна будзе дэпартаваная. У Танкачовай расійскае грамадзянства, але яна больш за 35 гадоў жыве ў Беларусі.

«На працягу наступнага дня прымалася рашэнне, шукаўся спосаб дэпартацыі. З раніцы мне ўжо паведамілі, што я буду дэпартаваная. З моманту майго затрымання каля пад'езда ўласнага дома 29 чысла я не магла больш вярнуцца дадому. У выніку я на сённяшні дзень знаходжуся ў Расійскай Федэрацыі», — патлумачыла яна.

Праваабаронца падзякавала ўсім, хто дапамог ёй у гэтыя дні, хто паклапаціўся пра хатніх жывёл, дапамог купіць квіткі.

«І паўтару яшчэ раз, асноўная задача была — падпісанне дакументаў аб супрацоўніцтве і далейшым патэнцыйным даносе на маіх калег і сяброў, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь па вядомых прычынах. Ад гэтага ўзаемадзеяння я адмовілася. Мне было сказана, што ўсе далейшыя наступствы — гэта вынік майго рашэння адмовы ад супрацоўніцтва», — патлумачыла яна.

Алена Танкачова папрасіла папярэдзіць яе знаёмых і калегаў, што яе тэхніка знаходзіцца ў КДБ і магчымыя правакацыі.

«Усе людзі, якія былі са мной у камунікацыі, у спісе маіх кантактаў (у тэлефоннай запісной кніжцы, ва ўсіх месенджарах), калі ласка, выдаліце кантакты мае. Мой тэлефон і мае два кампутары знаходзяцца ў Камітэце дзяржбяспекі», — паведаміла Танкачова.

Алена Танкачова больш за 30 гадоў актыўна займаецца прасоўваннем і абаронай правоў чалавека ў Беларусі. У 1996 годзе яна заснавала «Цэнтр прававой трансфармацыі». Раней Танкачову ўжо дапартавалі з Беларусі — 13 лістапада 2014 улады анулявалі від на жыхарства праваабаронцы і выслалі яе з краіны. У Беларусь яна змагла вярнуцца толькі ў лютым 2018 года. Да 2026 года яна заставалася ў Беларусі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула