У Расіі прызналі ЛГБТ-прапагандай знакамітае фота гурта Queen
Расійскі суд аштрафаваў масквіча за публікацыю ў сацыяльных сетках фатаграфіі гурта Queen са здымак кліпа «I Want to Break Free», дзе музыканты з'явіліся ў жаночым адзенні.
Жыхара Масквы Давіда Гевандзяна аштрафавалі па артыкуле аб «прапагандзе ЛГБТ» за фота, на якім — пераапранутыя ў жаночае адзенне ўдзельнікі гурта Queen падчас здымак кліпа на песню «I Want to Break Free». Такую інфармацыю «Вёрстка» выявіла ў рашэнні Масгарсуда, які разгледзеў апеляцыю Гевандзяна.
Раней стала вядома пра чатыры адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на 21‑гадовага Гевандзяна за «прапаганду ЛГБТ», і прызначаны па кожным з іх штраф у 100 тысяч расійскіх рублёў (каля 1300 даляраў).
Гевандзян паспрабаваў аспрэчыць рашэнне суда. Але безвынікова. У рашэнні суда пазначана, што выява нібыта «фарміруе станоўчае стаўленне да нетрадыцыйных адносін» і «разбурае сямейныя каштоўнасці».
Аргумент аб тым, што гэта кадр з вядомага музычнага кліпа, суд адхіліў, заявіўшы, што ў здымка «няма музычнай падаплёкі».