У Эстоніі хочуць забараніць беларусам без пастаяннага ДНЖ набываць нерухомасць
Эстонскія ўлады рыхтуюць змены ў заканадаўстве, якія прадугледжваюць забарону на набыццё нерухомасці для грамадзян Расіі і Беларусі, калі яны не маюць доўгатэрміновага дазволу на жыхарства. З такой ініцыятывай выступіў міністр унутраных спраў Ігар Тара. Абмежаванні закрануць таксама кампаніі, фактычнымі ўладальнікамі якіх з’яўляюцца такія асобы, піша Delfi.ee.
Сталіца Эстоніі Талін. Фота: Getty Images / R.Tsubin
Міністр тлумачыць гэта крокам неабходнасцю ўмацавання нацыянальнай бяспекі. На яго думку, людзі з незразумелай біяграфіяй, якія знаходзяцца ў Эстоніі нядаўна або часова, могуць выкарыстоўваць нерухомасць у варожых мэтах — для разведкі, дыверсій або падрыхтоўкі дзеянняў у крызісных сітуацыях на фоне агрэсіўнай палітыкі Крамля і яго саюзнікаў.
Ігар Тара адзначыў, што ўезд і знаходжанне такіх грамадзян у Эстоніі ўжо амаль цалкам абмежаваныя, таму лагічна пазбавіць іх і права на куплю нерухомасці. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра рэальную пагрозу і што Эстонія павінна перайсці ад частковых абмежаванняў да прамых забаронаў, як гэта ўжо зрабілі шэраг краін ЕС і НАТА. Падобныя праблемы, па яго словах, турбуюць таксама ўлады Фінляндыі, Нарвегіі, Швецыі, Літвы, Латвіі і іншых дзяржаў.
Цяпер у Эстоніі ўжо існуюць пэўныя абмежаванні на куплю нерухомасці ў памежных зонах і на малых астравах, але міністр лічыць гэтыя меры недастатковымі і малаэфектыўнымі.
Разам з тым новыя правілы не будуць распаўсюджвацца на грамадзян Расіі і Беларусі, якія маюць доўгатэрміновы дазвол на жыхарства. Яны захаваюць права купляць, прадаваць, атрымліваць у спадчыну або дарыць нерухомасць. Тара патлумачыў, што гэтыя людзі ўжо прайшлі праверку пры атрыманні дазволу на пражыванне, таму падстаў для дадатковых забарон у іх выпадку няма.
Па стане на 9 студзеня ў Эстоніі жывуць 1190 грамадзян Беларусі з доўгатэрміновым дазволам на жыхарства і 1476 — з часовым. Сярод грамадзян Расіі доўгатэрміновы дазвол на жыхарства маюць 70 237 чалавек, а часовы — 7797.
Чытайце таксама:
У Эстоніі забралі чэмпіянат Еўропы па фехтаванні за адмову выдаць візы расіянам і беларусам
Беларусь чакае новая хваля савецкіх людзей з Латвіі і Эстоніі
Эстонская кампанія распрацавала наватарскую ракету-перахопнік супраць шахедаў