БЕЛ Ł РУС

Як адкрыццё мяжы з Польшчай паўплывала на жыццё ў рэгіёне? Пагутарылі з гродзенцамі пра паездкі на закупы, падарожжы і чаўнакоў

1.02.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Два з паловай месяцы таму Польшча адкрыла адразу два пункты пропуску на мяжы з Гродзенскай вобласцю. Спыталі ў гродзенцаў, што для іх змянілася.

Фота: gpk.gov.by

Стала зручней лятаць праз Варшаву

Да гэтага Гродна і ваколіцы заставаліся ў тупіку — усе бліжэйшыя пункты пропуску на мяжы з Польшчай і Літвой былі закрытыя, што моцна паўплывала на звычкі гараджан.

Раней паездкі ў Беласток на закупы ці ў мэтах чаўночна-кантрабанднага бізнэсу былі звычайнай справай для многіх жыхароў рэгіёна, таму адкрыццё мяжы стала доўгачаканай навіной. Але выглядае, што былой папулярнасці ўжо няма.

Чалавек, які раней рэгулярна ездзіў у Польшчу на закупы, кажа, што з моманту адкрыцця мяжы быў там адзін раз, калі разам з сям'ёй ляцеў з Варшавы далей у Заходнюю Еўропу.

«Да гэтага апошнія два гады ляталі праз Вільню, бо дабірацца з Гродна да Варшавы праз Брэст было нязручна, ды і чэргі былі велізарныя.

Гэтым разам вырашылі ляцець праз Варшаву, бо з Літвой пачалася неразбярыха як з самой мяжой, так і з аэрапортам, які рэгулярна закрывалі праз шары з кантрабандай», — кажа гарадзенец.

«Цэны ў Польшчы выраслі»

Ездзіць у Польшчу на закупы сям'я суразмоўцы планаў не мае — нявыгадна.

«Калі ляцелі праз Варшаву, то заўважылі, што цэны ў Польшчы таксама выраслі. Знаёмыя, якія ўжо ездзілі на закупы, таксама адзначылі, што вялікага сэнсу няма, тым больш што, напрыклад, пральны парашок і шмат іншых тавараў нельга везці праз санкцыі».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Таксама гродзенец наракае на тое, што цэны на шоп-туры цяпер значна вышэйшыя, чым былі раней.

«Калі ехаць удвух, то толькі на квіткі трэба аддаць 200 рублёў, плюс трэба недзе зайсці паесці. На машыне ехаць таксама дорага, пакуль аплаціш усе паборы. У дадатак неяк трэба загадзя набыць польскую страхоўку.

Як на гэта ўсё паглядзіш і падлічыш, то жаданне ехаць знікае, хоць у дакавідныя часы па закупы ездзілі рэгулярна як на маршрутцы, так і на аўто», — кажа гродзенец.

Дальнабойшчыкі ў захапленні

Іншы суразмоўца кажа, што задаволены адкрыццём мяжы, але не праз магчымасць ездзіць па закупы.

«Як мяжу адкрылі, то вырашыў зноў пайсці працаваць на фуру ў Польшчы. Ездзіць у Польшчу з Гродна праз Брэст было вельмі нязручна. А тут выехаў з горада і праз гадзіны 2—3 ужо ў Беластоку», — кажа гарадзенец.

Іншы дальнабойшчык таксама кажа, што вельмі рады адкрыццю «Брузгоў».

«Раней на базу, якая месціцца непадалёку ад Беластока, у асноўным ездзіў праз Літву, бо там чэргі меншыя, чым былі ў Брэсце, а мой польскі пашпарт дазваляе ездзіць на беларускіх нумарах па Літве.

Дзякуючы таму, што дабрацца ад базы да дому стала нашмат прасцей, можна працаваць кадэнцыямі па чатыры тыдні», — радуецца кіроўца.

Шопінг не апраўдаў чаканняў

Людзі, якія былі апошні раз у Польшчы ў пачатку 2020 года (да ўвядзення кавідных абмежаванняў), кажуць, што шопінг у Беластоку не апраўдаў чаканняў.

«Калі раней у Польшчы ўсё было танней, то цяпер ужо такога няма. Паесці ў кавярні даражэй, чым у Беларусі. Бадай, адзіны плюс у тым, што больш шырокі выбар тавараў. Па адзенне ў прынцыпе з'ездзіць, можа, і мае сэнс, але агульная выгада сумнеўная.

Каву па-ранейшаму выгадна купляць, а вось пральныя парашкі і іншую бытавую хімію везці нельга, бо гэта забаронена санкцыямі. Тэлефон, ноўтбук і іншую тэхніку таксама не прывязеш», — скардзіцца гарадзенка.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Мяжа адкрыта, а віза — не

Частка суразмоўцаў, якія раней заўжды мелі візы і нярэдка ездзілі ў Польшчу, прызналіся, што з задавальненнем з'ездзілі б туды, каб была магчымасць адкрыць візу.

Людзі кажуць, што калі не можаш бясплатна атрымаць запрашэнне, то віза на аднаго чалавека з усімі выдаткамі абыйдзецца мінімум у 600—700 даляраў.

«Калі падлічылі, колькі на гэта трэба грошай, то ад задумы адмовіліся, бо яшчэ крыху дадаць — і за гэтыя грошы можна набыць добры тур, напрыклад, у Турцыю. А тут толькі за візы грошы аддасі».

Ці адрадзіўся памежны бізнэс?

Што да чаўнакоў і кантрабандыстаў, то гэтая дзейнасць адрадзілася толькі часткова і не носіць масавага характару, як раней.

Чаўнакі адзначаюць, што тарыф на перакід тавараў знізіўся, бо ахвотных на гэтым падзарабіць больш, чым самога тавару на перакід.

«Калі раней магло быць па 4 еўра за кілаграм, то па многіх пазіцыях цана апусцілася да 2 еўра», — адзначае чаўнок.

Мужчына кажа, што, каб з паездкі добра зарабляць, трэба ехаць разам з жонкай і нават з дзецьмі.

«Калі ехаць удвух, то па норме можна 4 пачкі цыгарэт везці, гарэлку. У суме каля 10 даляраў заробку пры продажы. Яшчэ 25—30 на паліве. Лічы, гэтага хапае, толькі каб адбіць выдаткі на дарогу, паборы на беларускай мяжы і польскую страхоўку», — тлумачыць чаўнок.

З яго слоў, асноўны заробак ідзе на перакідцы тавараў, прывозе нечага на замову, перадачках.

«Калі еду з жонкай, то з паездкі выходзіць недзе 100—150 даляраў. Але кожны дзень так пры ўсім жаданні не паездзіш, бо калі ехаць часцей, чым раз на тыдзень, то нормы ўвозу будуць урэзаныя», — тлумачыць гараджанін.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Падобныя лічбы называе таксіст, які таксама раз на тыдзень стараецца ездзіць у Польшчу.

«Каля 400—500 даляраў чыстымі за месяц я з паездак у Польшчу маю. Гэта добры дадатак да асноўнага заробку, тым больш што за змену ў таксі столькі не заробіш, як на паездцы ў Польшчу», — прызнаецца таксіст.

Пры гэтым абодва суразмоўцы кажуць, што тавару на перакід не так шмат, як хацелася б, а сам занятак «ганяць на Польшчу» ўжо далёка не такі папулярны, як быў раней.

Кантрабанда і вялікія штрафы

Што да кантрабанды цыгарэт, то яна, відаць, таксама перажывае не самыя лепшыя часы, хоць з аднаго блока можна зарабіць 15 даляраў.

Галоўнай праблемай, якую называюць кантрабандысты, з’яўляецца слабы паток транспарту, праз які ў мытнікаў шмат вольнага часу на тое, каб выяўляць кантрабандыстаў.

Асабліва складанымі для кантрабандыстаў з’яўляюцца «Брузгі», дзе апроч легкавікоў больш нікога няма.

Праз «Бераставіцу» праскочыць з кантрабандай нібыта крыху прасцей, бо там мытнікі і «чорныя» (адмысловы аддзел па барацьбе з кантрабандай) вымушаны працаваць з грузавым транспартам і аўтобусамі. На «Брузгах» жа ўся ўвага сканцэнтравана на легкавіках.

Таксама кантрабандысты наракаюць на нечакана высокія штрафы — каля 3 тысяч даляраў за 20‑30 блокаў цыгарэт.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула