БЕЛ Ł РУС

«Час заканчваецца». Трамп пагражае Ірану новымі ўдарамі

29.01.2026 / 08:00

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША прыгразіў нанесці ўдары па Іране, калі Тэгеран не пагодзіцца заключыць ядзерную здзелку. Іранскія ўлады заявілі, што адкрытыя для перамоў, але і на агрэсію адкажуць, пiша Бі-бі-сі.

Фота: Alex Brandon / AP

Трамп не першы раз пагражае Ірану, і як пішуць СМІ, цяпер вывучае розныя варыянты ўдараў па Іране, хоць і не прыняў канчатковае рашэнне.

«Спадзяюся, Іран хутка «сядзе за стол» і дамовіцца аб справядлівай і раўнапраўнай здзелцы — НІЯКАЙ ЯДЗЕРНАЙ ЗБРОІ — якая будзе добрая для ўсіх бакоў. Час мінае», — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social.

У 2018 годзе падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну Трамп абвясціў пра выхад з пагаднення аб ядзернай праграме Ірана і ўвёў супраць краіны санкцыі.

Трамп дадаў у сераду, што да Ірана набліжаецца «велізарная армада»: «Гэта большы флот, узначалены вялікім авіяносцам «Аўраам Лінкальн», чым той, які быў адпраўлены ў Венесуэлу».

У раён Персідскага заліва, да берагоў Ірана, сапраўды прыбыла амерыканская авіяносная група. Пакуль невядома, ці ажыццявяцца пагрозы Трампа, але патрэбныя сілы для ўдару, як мяркуюць ваенныя аглядальнікі, сабраныя.

ЗША ў чэрвені мінулага года падчас 12‑дзённай вайны Ірана з Ізраілем нанеслі ўдары па ядзерных аб'ектах Ірана. Трамп тады заяўляў, што іранская ядзерная праграма знішчана.

Іран у студзені скалынулі маштабныя антыўрадавыя пратэсты. Трамп пагражаў прымяніць ваенную сілу ў адказ на жорсткае падаўленне антыўрадавых пратэстаў у краіне, але потым перадумаў. Цяпер ён не згадаў аб пратэстах, хоць тры тыдні таму заклікаў удзельнікаў масавых выступаў працягваць змагацца і запэўніў, што «дапамога ўжо ў дарозе».

Паводле яго слоў, новы ўдар па Іране ў выпадку адмовы ад здзелкі будзе «нашмат горшы», чым той, што ЗША нанеслі па ядзерных аб'ектах Ірана мінулым летам, падчас 12‑дзённай ізраільска-іранскай вайны.

Як пішуць СМІ, Трамп вывучае новыя варыянты нанясення ўдараў па Іране.

Па інфармацыі CNN і Reuters, сярод разгляданых опцый — удары па кіраўніцтве ісламскай рэспублікі і супрацоўніках сіл бяспекі, як мяркуецца, адказных за забойствы пратэстоўцаў, а таксама ўдары па ядзерных аб'ектах і ўрадавых установах.

Як пішуць СМІ са спасылкай на крыніцы, Трамп лічыць, што ў яго цяпер больш магчымасцей ударыць па Іране, чым раней, дзякуючы прыбыццю ў блізкаўсходні рэгіён авіяноснай ўдарнай групы.

На амерыканскі ўдар Іран паабяцаў адказаць. Па словах дарадцы вярхоўнага лідара Ірана Алі Шамхані, адказ будзе накіраваны як супраць ЗША і Ізраіля, так і супраць усіх, хто падтрымае агрэсію.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула