У Баранавічах на снезе знайшлі жывога кажана, хоць для іх цяпер не сезон
У Баранавічах мясцовая жыхарка знайшла на снезе кажана. Жывёліна ледзь рухалася і шыпела, выглядаючы зусім бездапаможна, і жанчына не змагла прайсці міма, піша BGMedia.
Скрыншот з відэа
Жанчына прызналася, што ёй было страшна, бо ведала, што кажаны могуць пераносіць інфекцыі, але пакінуць жывёліну паміраць у снезе яна не магла. У краме яна знайшла маленькую скрынку, паклала ў яе кажана. У цяпле жывёліна хутка адышла, заплюшчыла вочы і заснула.
Скрыншот з відэа
Дзяніс Лундышаў, дацэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, растлумачыў, чаму кажаны могуць з’яўляцца зімой: адліга можа «падмануць» жывёл, і яны выходзяць са сваіх хованак. У Баранавічах асабліва шмат рыжых вечарніц, якія звычайна спяць зімой 6—8 месяцаў, хаваючыся ў розных шчылінах і на гарышчах. Рэзкія перапады тэмпературы збіваюць іх біялагічны рытм.
Эксперты раяць, што рабіць, калі вы сустрэлі кажана зімой: акуратна пакласці яго ў скрынку, перанесці ў цёмнае і прахалоднае месца (напрыклад, на гарышча), а пасля адпусціць — жывёла сама знойдзе месца для далейшай спячкі.
Галоўныя правілы бяспекі: не браць кажана голымі рукамі, не пакідаць у доме і не карміць. Беларускія кажаны ядуць толькі насякомых, і нават калі некалькі дзён не будуць мець ежы, то для іх гэта не крытычна.
У выніку жанчына перадала знойдзенага кажана ў дом з гарышчам, дзе ў цемры і прахалодзе ён зможа даспаць да вясны.
Чытайце таксама:
Знайшлі кажана ўзімку — не праходзьце міма!
У Смалявічах і Салігорску жыхары выклікалі ратавальнікаў на кажаноў
У Брэсце каля шматпавярховіка выкінулі цэлую калонію кажаноў. Гэта вельмі дрэнна
Ці ёсць сувязь паміж бабрамі і кажанамі? Аказваецца, самая непасрэдная