БЕЛ Ł РУС

Губазікаўцы заявілі пра затрыманне нацыстаў-паганцаў з БЧБ-сімволікай

28.01.2026 / 09:56

Nashaniva.com

Губазікаўцы затрымалі трох жыхароў Магілёва. Па версіі сілавікоў, маладзёны стварылі сетку тэлеграм-каналаў, дзе прапагандавалі нацысцкую ідэалогію. «Наведвалі тэрыторыі цэркваў і касцёлаў з самаробнымі мячамі для застрашвання вернікаў Магілёва», — паведамляе МУС. На відэа затрымання паказалі бел-чырвона-белы сцяг. 

Губазікаўцамі затрыманы 21‑гадовы жыхар Магілёва, які, па іх словах, стварыў і адміністраваў тэлеграм-канал, што прапагандаваў і ўсхваляў нацызм. Аўдыторыя канала складала паўтары тысячы падпісчыкаў.

У часе разбіральніцтва сілавікі выявілі яшчэ двух жыхароў Магілёва, якія «таксама прытрымліваліся нацысцкай ідэалогіі і былі стваральнікамі аналагічных рэсурсаў».

«Мужчыны адносілі сябе да язычнікаў, не прызнавалі традыцыйныя каштоўнасці, святкавалі дзень нараджэння Гітлера, адмаўлялі Дзень Перамогі. Наведвалі тэрыторыі цэркваў і касцёлаў з самаробнымі мячамі для застрашвання вернікаў Магілёва», — заяўляе МУС.

Пры сілавой падтрымцы атрада спецпрызначэння ўнутраных войскаў МУС «Гром» фігурантаў справы затрымалі.

Па месцах іх пражывання выяўлены і канфіскаваны нацысцкія сцягі, літаратура, якая прапаведуе нацызм, незарэгістраваная сімволіка, а таксама інструкцыі па выбуховай справе і халодная зброя, сцвярджае МУС. У відэа паказаны заблюраны бел-чырвона-белы сцяг. 

Выяўленыя тэлеграм-каналы прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Заведзены крымінальныя справы за рэабілітацыю нацызму, адмаўленне генацыду беларускага народа, а таксама за стварэнне экстрэмісцкага фармавання.

Затрыманым пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула