У Беларусі прадалі тур на 10 дзён за дваіх амаль за 23 тысячы даляраў. Што за кірунак?
Турагенцтва «Жара Трэвел» пахвалілася ў Threads, што 26 студзеня ўпершыню ў сваёй гісторыі змагло прадаць тур коштам 22728 даляраў.
Гара Фудзі з пагадай Чурэйта ў Японіі. Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
«Учора ў нас забраніравалі самы дарагі тур за нашу гісторыю. Японія з вылетам з Мінска за 22 728$ на 10 дзён. Засталося дачакацца пацвярджэння візы і пажадаць добрага адпачынку», — напісалі на старонцы турагенцтва.
Як вынікае з прыкладзенага скрыншота, кліенты ўжо ўнеслі і перадаплату памерам 7759 даляраў, ці ў эквіваленце 22578 рублёў.
З далейшых тлумачэнняў у каментарах высветлілася, што гэта тур на дзве асобы, і ў ім «усё VIP». Што менавіта ў гэта ўваходзіць, удакладняць агенцтва не стала.
«2 чалавекі, бізнэс-пералёты, VIP-гатэлі, 10 дзён», — такі быў лаканічны адказ на адпаведнае пытанне.
Праз якія прамежкавыя пункты робіцца пералёт, таксама пэўнасці няма — ці то праз Дубай, ці праз Пекін.
Людзі ў каментарах за падарожнікаў парадаваліся, хоць, як многія жартавалі, «не ад усёй душы».
Цэны пры гэтым здаліся «завоблачна дзіўнымі».
Адзін з карыстальнікаў адзначыў, што «ў Антарктыду танней», з чым агенцтва пагадзілася.
Іншыя дзяліліся сваім уласным вопытам, калі падарожжы ў далёкія краіны абыходзіліся куды танней:
«Мы з хлопцам на месяц [у Японію] лёталі і з пражываннем ды квіткамі патрацілі 2900$»;
«У Кенію на сафары — столькі каштавалі пералёт, гатэлі, уезд у парк, без харчавання — сям'я 2+2. У вас ёсць да чаго імкнуцца».
Чытайце таксама:
У Японіі на пасаду начальніка чыгуначнай станцыі афіцыйна прызначылі котку
«Доўгая дарога па ўсім свеце». Беларуска з адным заплечнікам аб'ездзіла 40 краін
«Кім — адзіны тоўсты чалавек, якога я там бачыў». Беларус расказаў, як ён пабываў у КНДР