БЕЛ Ł РУС

Расія пакідае адну з вайсковых баз у Сірыі

27.01.2026 / 18:35

Nashaniva.com

Расія пачала вывад сваіх вайскоўцаў з аэрадрома Эль-Камышлы на паўночным усходзе Сірыі, скарачаючы прысутнасць у гэтым рэгіёне. Пра гэта 26 студзеня паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на пяць сірыйскіх крыніц.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Baderkhan Ahmad

Расійскія падраздзяленні знаходзіліся ў аэрапорце Эль-Камышлы з 2019 года, аднак іх колькасць была значна меншай, чым на ключавых аб’ектах — авіябазе Хмеймім і пункце матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ РФ у Тартусе на міжземнаморскім узбярэжжы, якія Масква, верагодна, захавае.

Вывад адбываецца на фоне таго, што сілы, падпарадкаваныя прэзідэнту Сірыі Ахмеду аш-Шараа, у студзені ўзялі пад кантроль вялікія тэрыторыі на поўначы і ўсходзе краіны, якія раней кантралявалі курдскія Сірыйскія дэмакратычныя сілы. Дамаск імкнецца аднавіць уладу над усёй тэрыторыяй дзяржавы.

Паводле сведчанняў дзвюх крыніц Reuters, паступовы вывад расійскіх вайскоўцаў з аэрадрома пачаўся яшчэ на мінулым тыдні. Частку сіл плануюць перакінуць на базу Хмеймім, астатнія павінны вярнуцца ў Расію. Іншая крыніца ў сірыйскіх структурах бяспекі паведаміла, што за апошнія дні з Эль-Камышлы на Хмеймім былі перавезеныя вайсковая тэхніка і цяжкае ўзбраенне. Афіцыйных каментароў з боку Мінабароны Расіі пакуль няма.

Раней газета «Коммерсант» са спасылкай на сірыйскую крыніцу пісала, што ўлады Сірыі могуць папрасіць Расію пакінуць базу ў Эль-Камышлы пасля выцяснення курдскіх фарміраванняў, бо неабходнасць у расійскай прысутнасці там знікне. Пры гэтым карэспандэнт Reuters адзначыў, што над аэрадромам усё яшчэ лунаюць расійскія сцягі, а на ўзлётна-пасадачнай паласе знаходзяцца два самалёты з расійскімі апазнавальнымі знакамі.

Расія, якая была блізкай саюзніцай зрынутага прэзідэнта Сірыі Башара Асада, пасля прыходу да ўлады ісламісцкай кааліцыі на чале з Ахмедам аш-Шараа наладзіла з новым кіраўніцтвам працоўныя адносіны. У мінулым годзе аш-Шараа заявіў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, што Дамаск будзе выконваць усе ранейшыя дамоўленасці з Масквой, што фактычна азначае захаванне ключавых расійскіх вайсковых аб’ектаў у Сірыі.

Чытайце таксама:

Улады Сірыі атрымалі перамогу над мясцовымі курдамі

«Гэта не пачатак вайны — гэта абвяшчэнне пра помсту». ЗША нанеслі ўдары па цэлях «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі

Пасля сустрэчы Трампа з аш-Шараа Сірыя абвясціла, што далучыцца да кааліцыі па барацьбе з «Ісламскай дзяржавай»

Каментары да артыкула