БЕЛ Ł РУС

Кітайскія хакеры на працягу некалькіх гадоў мелі доступ да мабільнай сувязі ўрада Вялікабрытаніі

27.01.2026 / 19:08

Ідаля Салавей

Па даных разведкі, актыўнасць хакераў ахоплівала перыяд з 2021 па 2024 гады. Маштаб аперацыі дазваляе гаварыць пра адну з найбольш паспяховых шпіёнскіх кампаній апошніх дзесяцігоддзяў.

26 чэрвеня 2020 года. Тагачасны прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан і міністр фінансаў Рышы Сунак. Фота: Heathcliff O'Malley — WPA Pool / Getty Images

Кітайскія хакеры, звязаныя з дзяржаўнымі спецслужбамі КНР, на працягу як мінімум трох гадоў мелі доступ да мабільных тэлефонаў высокапастаўленых супрацоўнікаў урада Вялікабрытаніі. Як паведамляе The Telegraph, аб’ектам атакі, якая атрымала назву «Саляны тайфун» (Salt Typhoon), сталі супрацоўнікі рэзідэнцыі прэм’ер-міністра на Даўнінг-стрыт, у тым ліку найбліжэйшыя памочнікі трох кіраўнікоў урада — Барыса Джонсана, Ліз Трас і Рышы Сунака.

Ці былі непасрэдна скампраметаваныя тэлефоны саміх прэм’ер-міністраў, застаецца невядомым, аднак крыніцы, знаёмыя з расследаваннем, сцвярджаюць: узлом пранік у самае сэрца Даўнінг-стрыт.

Як адзначае выданне, узлом брытанскай урадавай сувязі — гэта толькі адзін з эпізодаў маштабнай шпіёнскай аперацыі Пекіна, якая ахапіла шэраг дзяржаў. Сярод галоўных мэтаў гэтай глабальнай кампаніі апынуліся ўсе краіны-ўдзельніцы разведвальнага альянсу «Пяць вачэй» (Five Eyes): акрамя Вялікабрытаніі, гэта Злучаныя Штаты, Аўстралія, Канада і Новая Зеландыя.

Хоць першыя ўзломы датуюцца 2021 годам, спецслужбы выявілі іх толькі ў 2024-м, калі ЗША раскрылі маштабнае пранікненне ў тэлекамунікацыйныя кампаніі па ўсім свеце.

Праз доступ да інфраструктуры сувязі Кітай мог атрымліваць даныя мільёнаў карыстальнікаў. Былы намеснік дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Эн Нойбергер пацвердзіла, што хакеры мелі тэхнічную магчымасць «запісваць тэлефонныя размовы па ўласным жаданні».

Такі ўзровень доступу тэарэтычна дазваляў Пекіну перахопліваць тэкставыя паведамленні ці, як мінімум, збіраць каштоўныя метаданыя: бачыць, з кім і як часта камунікуюць чыноўнікі, а таксама адсочваць іх прыблізнае месцазнаходжанне праз геалакацыю.

Пакуль застаецца не зусім зразумелым, якую менавіта інфармацыю атрымалі злачынцы з тэлефонаў супрацоўнікаў Даўнінг-стрыт.

Крыніцы ўнутры заходніх спецслужбаў прызнаюць, што ўзровень абароны брытанскіх сетак быў вышэйшы, чым у ЗША, у тым ліку дзякуючы Закону аб бяспецы тэлекамунікацый 2021 года. Аднак высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі лічаць «Саляны тайфун» адной з самых паспяховых разведвальных аперацый у гісторыі.

Паводле ацэнак экспертаў, Кітай мэтанакіравана збірае палітычную інфармацыю пра брытанскіх дэпутатаў і працэсы прыняцця рашэнняў. Заходнія спецслужбы характарызуюць Пекін як аднаго з самых агрэсіўных і тэхналагічна падрыхтаваных гульцоў у сферы кібер– і радыёэлектроннай разведкі.

Як адзначае выданне, у адрозненне ад ЗША, дзе ўлады адкрыта прызналі, што кітайскія хакеры сачылі нават за кандыдатамі ў прэзідэнты, брытанскі ўрад да нядаўняга часу дзейнічаў больш асцярожна, згадваючы толькі пра «кластары актыўнасці» ў сваіх сетках. Тым не менш, маштаб праблемы вымусіў MI5 выпусціць спецыяльнае папярэджанне для парламента аб пагрозе кітайскага шпіянажу.

У сваю чаргу пасольства КНР у Лондане назвала заявы пра ўзлом «беспадстаўнымі» і заклікала не палітызаваць пытанні кібербяспекі.

Чытайце таксама:

Кітайскія хакеры маглі атрымаць доступ да тэлефонаў Трампа і звыш сотні топ-чыноўнікаў ЗША

Маштабы кітайскага шпіянажу ашаламляюць заходнія ўрады — The Wall Street Journal

Кітай узломвае кампаніі Расіі ў пошуках ваенных сакрэтаў

Каментары да артыкула