«Дзяўчаткі імкнуліся яе аберагаць». Гісторыя асуджанай за данаты Наталлі Левай, якая рыхтуецца нарадзіць за кратамі
Палітзняволеная Наталля Левая, асуджаная на 6 гадоў калоніі, якая зацяжарыла на спатканні, чакае дзіця. Радыё Свабода расказвае, як нараджаюць дзяцей за кратамі ў Беларусі, ці ёсць у зняволеных цяжарных жанчын нейкія палёгкі і прывілеі ў параўнанні з іншымі асуджанымі. А таксама хто выхоўвае дзяцей, якія нарадзіліся за кратамі.
2 красавіка 2025 года на АНТ выйшаў сюжэт пад назвай «Цені. Цана тэрору. Хто спансараваў экстрэмістаў, і што пагражае за фінансаванне дзяржаўнага перавароту». У ім аўтары апавядалі пра пераслед беларусаў, якія ахвяравалі грошы «экстрэмісцкім» ці «тэрарыстычным» арганізацыям. Сярод іншага ў сюжэце паказалі аператыўныя здымкі з допыту маладой жанчыны на імя Наталля Левая.
На відэа Наталля моўчкі сядзіць, а супрацоўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў за кадрам змененым голасам апавядае, што за год да арышту Наталлю выклікалі ў праваахоўныя органы і прапаноўвалі добраахвотна паведаміць пра пераводы грошай ці крыптавалюты на адрас «экстрэмісцкіх арганізацый». Паводле агучанай сілавікамі версіі, Наталля паведаміла пра 4 такія факты, за што ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам была вызваленая ад крымінальнай адказнасці.
«Аднак пра 13 іншых фактаў пераводу крыптавалюты і грашовых сродкаў на агульную суму 3800 рублёў не паведаміла», — манатонна чытае чалавек за кадрам.
І рапартуе, што схаваць іх усё ж не ўдалося. Супрацоўнікі ДФР змаглі атрымаць доступ да крыптагаманца Наталлі, нягледзячы на тое, што яна выдаліла і сам крыптагаманец, і код доступу да яго.
Кадры, паказаныя ў прапагандысцкай праграме, знятыя значна раней за красавік 2025 года. Прысуд у справе Наталлі Левай — 6 гадоў пазбаўлення волі — суддзя Мікалай Сянько агучыў яшчэ 17 ліпеня 2024 года. А затрымалі жанчыну 8 мая таго ж года, абвінаваціўшы адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім», «Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» і «Удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы».
Усё гэта адбылося пасля таго, як Наталля, якая з 2022 года жыла і працавала ў Польшчы, вырашыла вярнуцца на радзіму ў Беларусь.
«Даведка з КДБ»
Наталлі Левай 39 гадоў, яна родам з Кобрына. У 2009‑м скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва і народны промысел», працавала 2D-мастаком і мастаком-пастаноўшчыкам у IT-сферы. Спачатку ў Synesis, пазней у Playtika — буйной кампаніі, якая распрацоўвае мабільныя гульні. Неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Наталля з’ехала з Беларусі ў Польшчу. Аднак вясной 2024‑га яна вярнулася на радзіму. Дакладныя прычыны гэтага рашэння невядомыя.
Пасля абвяшчэння прысуду ў справе Наталлі Левай яе знаёмы напісаў у сацсетках, што калегі адгаворвалі жанчыну ад вяртання ў Беларусь, але яна сказала, што моцна сумуе па радзіме, ужо аплаціла ў разы штраф за данаты і нават мае адпаведную паперу ад КДБ.
«У Польшчы яна звольнілася з працы ў вялікай IT-кампаніі — вырашыла вярнуцца дадому, — паведаміў знаёмы Наталлі. — Калегі былі ў шоку, адгаворвалі. Казала, што ў яе ёсць даведка з КДБ аб сплачаных у разы данатах. Стамілася без дому. Затрымалі на мяжы. Далі 6 гадоў калоніі».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Наталлю Левую затрымалі на памежным пераходзе.
Суполка «Кіберпартызаны» з дапамогай праекта DIT і праваабарончага цэнтра «Вясна», спасылаючыся на беларускую пракуратуру, даведалася, што Наталля Левая ў 2022 годзе перавяла на банкаўскія рахункі і віртуальныя гаманцы прадстаўнікоў «экстрэмісцкіх фарміраванняў», у тым ліку палка Каліноўскага, не менш за 4400 рублёў.
«Здарыўся цуд»
На мінулым тыдні галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава, якая вызвалілася з Гомельскай калоніі 13 снежня, апублікавала ў Facebook допіс, дзе апісвала цяжкія ўмовы для зняволеных гомельскай жаночай калоніі, з якімі яны сутыкаюцца зімой у маразы. З гэтага допісу стала вядома, што Наталля Левая за кратамі чакае дзіця.
«Больш за ўсё мяне непакоіць Наташа Левая, — напісала Золатава. — Здарыўся цуд: пасля спаткання з мужам яна зацяжарыла. Да гэтага пара доўга не магла завесці дзяцей. Нараджаць Наташы прыкладна ў сакавіку. Так хочацца, каб гэта адбылося ў іншых умовах».
Навіна аб цяжарнасці палітзняволенай жанчыны хутка разышлася па інфармацыйных рэсурсах і сацыяльных сетках. Яе пацвердзілі і іншыя нядаўна вызваленыя палітвязні.
«Дзяўчаткі імкнуліся яе аберагаць і вельмі за яе перажывалі, — напісала адна з іх. — Я мару, каб Наташа як мага хутчэй апынулася дома разам з малым. Дзіўна, што жыццё прарасло нават у такім страшным месцы».
Інфармацыю аб цяжарнасці Наталлі Левай у размове з «Свабодай» пацвердзілі некалькі жанчын, якія адбывалі пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі. З іхніх слоў, стан Наталлі нармальны, іншыя зняволеныя яе ва ўсім падтрымліваюць. Тэрмін зняволення ў Наталлі сканчаецца вясной 2030 года. Усе суразмоўцы спадзяюцца, што жанчыну вызваляць раней.
Немаўляты за кратамі
Народжаныя ў Беларусі за кратамі дзеці першыя гады жыцця адбываюць пакаранне разам з маці. Пры ўмове, што тыя ад іх не адмовіліся ці не перадалі на волю родным. Гэта вызначае першая частка артыкула 95 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі.
«У папраўчых установах, дзе адбываюць пакаранне жанчыны, якія маюць дзяцей, арганізуюцца дамы маці і дзіцяці, — гаворыцца там. — У іх ствараюцца ўмовы, неабходныя для нармальнага пражывання і развіцця дзяцей. Асуджаныя жанчыны могуць змяшчаць у такія ўстановы сваіх дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, кантактаваць з імі ў вольны ад працы час без абмежаванняў. Ім можа быць дазволена сумеснае пражыванне з дзецьмі».
Паводле часткі чацвёртай таго ж 95‑га артыкула КВК, цяжарныя і жанчыны, якія кормяць немаўлятак, могуць атрымліваць дадатковыя харчовыя пасылкі і перадачы. Таксама асуджаныя цяжарныя жанчыны на перыяд родаў і ў пасляродавы перыяд маюць права на медыцынскую дапамогу. Ёсць яшчэ адна норма закону, якая на практыцы, з слоў праваабаронцаў, амаль не прымяняецца. Згодна з артыкулам 93 КВК, для цяжарных або жанчын, якія маюць малых дзяцей, дапускаецца адтэрміноўка выканання пакарання — да дасягнення дзіцем трох гадоў.
Цяжарных жанчын у калоніі ставяць на медыцынскі ўлік таксама, як і жанчын на свабодзе. Іх возяць у жаночую кансультацыю Гомеля на абследаванні і аналізы, прызначаюць узмоцненае харчаванне — дадаюць у дзённы рацыён 30 грамаў масла, яйкі, тварог, садавіну і гародніну. Вызваляюць ад некаторых відаў грамадскіх работ, накшталт мыцця туалетаў.
Зняволеных жанчын возяць нараджаць у гарадскую радзільню Гомеля. Парадзіху суправаджае канвой. Звычайна міліцыянты знаходзяцца каля палаты, чым, бывае, палохаюць звычайных жанчын.
Адна былая палітзняволеная, якая ў мэтах бяспекі назвалася Ганнай, расказала «Свабодзе», як асуджаная паводле «наркатычнага» 328‑га артыкула жанчына з яе атраду трапіла ў калонію цяжарнай. Тая апавядала, што і з СІЗА яе пастаянна вазілі ў жаночую кансультацыю, і з калоніі таксама вазілі на ультрагукавое даследаванне і аналізы. Нарадзіла жанчына ў гарадской радзільні.
«Але асуджаную літаральна праз тры дні выпісалі з шпіталя, і яна вярнулася ў калонію, а дзіця яшчэ пакінулі на некалькі тыдняў у дзіцячым аддзяленні — нібыта былі нейкія праблемы, — расказвае Ганна. — Парадзіха вельмі перажывала, што немаўля прывучаць да штучнага выкормлівання, што яна не зможа карміць дзіця сама.
Калі дзіця выпісалі, маці дазволілі нейкі час быць разам з немаўляткам. Але паколькі яна не карміла грудзьмі, то яе вельмі хутка адправілі на працу. І ўжо пасля змены жанчына пэўны час праводзіла з дзіцём, але начаваць вярталася ў атрад».
Дзіцячы дом у калоніі
Дзіцячы дом у гомельскай жаночай папраўчай калоніі № 4 працуе з 1961 году, ён разлічаны на 50 дзяцей. За амаль 65 гадоў існавання там трымалі за калючым дротам больш за 2000 дзяцей. У канцы 1980‑х у дзіцячым доме калоніі гадаваліся 82 малыя, у 1990‑х — у сярэднім 75. Цяпер — каля 35.
Дом дзіцяці ў калоніі займае асобны двухпавярховы будынак, побач уладкаваная гульнявая пляцоўка. Сцены памяшканняў размалявала асуджаная мастачка. У будынку ёсць адмысловыя памяшканні для груднога кармлення, медыцынскі кабінет, спальні, пакоі для гульняў, шмат цацак. Ёсць таксама медыцынскае абсталяванне. З дзецьмі займаюцца выхавальніцы.
Працуюць там каля 20 чалавек: доктар, медсёстры, масажыст, фізіятэрапеўт, выхавальніцы. Як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, у 2019 годзе ў гомельскай калоніі з’явіўся так званы «інтэрнат» для сумеснага пражывання маці з немаўляткам. Калі дзіця толькі нарадзілася, маці дазваляюць быць побач з ім. Праз паўгода пасля родаў жанчыны выходзяць на працу, павінны працаваць на фабрыцы. Малых у гэты час даглядаюць выхавальніцы. Іх выводзяць на прагулкі, развіваюць, нават возяць у цырк ды на іншыя забаўляльныя мерапрыемствы ў горадзе.
Былая палітзняволеная Алена (імя суразмоўцы змененае) расказала «Свабодзе», як у першыя дні адбывання пакарання, ідучы з жылога корпуса на фабрыку, яна ўбачыла купку маленькіх дзетак, якіх выхавальніцы вялі на нейкую экскурсію.
«Я іду, тупа гляджу ў зямлю, думаю пра нейкія свае праблемы, падымаю вочы — і бачу маленькае дзіцятка, якое стаіць крыху асобна, пераводжу погляд — а побач яшчэ дзясятак дзяцей! — узгадвае суразмоўца. — Спачатку была ў шоку — у калоніі, аказваецца, ёсць дзеткі.
У нашым атрадзе былі дзве жанчыны, якія мелі малых. Яны хадзілі на працу на фабрыку. Адна карміла грудным малаком, ёй было дазволена раніцай, да пачатку змены, пайсці пакарміць дзіця. На працы яна сцэджвала малако, яе вызвалілі ад некаторых абавязковых дзяжурстваў і грамадскіх прац. У другой жанчыны дзіцяці было два гады. Пасля змены абедзве хадзілі з малымі на прагулку».
Дзеці знаходзяцца побач з маці ў калоніі да трох гадоў. Калі маці да гэтага ўзросту свайго дзіцяці яшчэ застаецца за кратамі, малое або перадаюць сваякам, або змяшчаюць у гарадскі дзіцячы дом.
«У калоніі апавядалі сумную і ў той жа час кранальную гісторыю — як вызвалялі жанчыну з хлопчыкам, якому было каля трох гадоў, — кажа Алена. — Ужо каля брамы калоніі дзіця запыталася: «А куды мы ідзём?» Маці адказала яму: «Дадому». І сын развярнуўся і пайшоў назад у калонію».