БЕЛ Ł РУС

У Беларусь прыйшоў новы цыклон — «Леоні». Ён прынёс ледзяны дождж

26.01.2026 / 19:27

Nashaniva.com

Ледзяны дождж і рэзкія перапады тэмператур прынёс у Беларусь цыклон «Леоні». Паводле прагнозаў сіноптыкаў, найбольш непагадзь закране паўднёва-заходнія і цэнтральныя рэгіёны краіны. У сувязі з небяспечнымі ўмовамі Белгідрамет абвясціў аранжавы ўзровень пагрозы, паведамляе тэлеканал СТБ.

Здымак ілюстрацыйны

Тэмпература вагаецца ад -7 да +2 градусаў, што спрыяе ўтварэнню галалёду. Дзяржаўтаінспекцыя заклікае кіроўцаў быць максімальна ўважлівымі, выконваць хуткасны рэжым і ўлічваць складаную дарожную абстаноўку.

Паводле слоў прадстаўнікоў ДАІ, ужо да вечара на дарогах з’явіцца галалёд, а месцамі — галалёдзіца. На поўначы краіны рух ускладніць снегавы накат.

Кіроўцам раяць пазбягаць рэзкіх манеўраў і тармажэнняў, трымаць бяспечную дыстанцыю і бакавы інтэрвал, рухацца з агульнай хуткасцю патоку і ўключаць блізкае святло фараў. Пешаходам варта карыстацца святлоадбівальнымі элементамі і пераходзіць дарогу толькі ў дазволеных месцах, пераканаўшыся ў бяспецы.

Наступствы непагадзі ўжо адчулі жыхары Брэста. Пасля адлігі з плюсавай тэмпературай пайшоў дождж, і ўсяго за гадзіну тратуары пакрыліся лёдам. Камунальныя службы аператыўна пачалі апрацоўку дарог пясчана-салянай сумессю і прыбіранне снегу ўздоўж вуліц. Да работ прыцягнулі больш за 70 адзінак тэхнікі. У горадзе ўстаноўлена звыш 1200 скрынак з пяском для апрацоўкі тратуараў.

Ратавальнікі нагадваюць, што галалёд нясе шэраг рызык: магчымыя пашкоджанні або абрывы ліній сувязі і электраперадач, ускладненне руху транспарту, рост колькасці ДТЗ і траўматызму сярод насельніцтва. У такіх умовах важна захоўваць асаблівую асцярожнасць.

Чытайце таксама:

На наступным тыдні ў Беларусі прыкметна пацяплее

Прагноз надвор'я ад Гідраметцэнтра Расіі самы няякасны сярод канкурэнтаў. А якія мадэлі прадказваюць надвор’е найлепш?

У Мінску дзяўчына паказала, як ездзіць у краму на сноўбордзе ВІДЭА

Каментары да артыкула