Рыбакі выратавалі ў Пастаўскім раёне рэдкую птушку
Птушку даставілі ў бяспечнае месца, паведамілі ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
23 студзеня адзін з рыбакоў на возеры Глодава ў Пастаўскім раёне заўважыў вялікую птушку, якая ўпала на лёд. Ён адразу паведаміў пра гэта ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў. Камісія, якая прыбыла на месца, ідэнтыфікавала птушку як вялікага бугая — рэдкі від, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Агляд ветэрынара паказаў, што найбольш верагоднай прычынай падзення сталі моцнае пераахаладжэнне і знясіленне. Для выратавання птушцы тэрмінова былі патрэбныя цяпло, спакой і спецыяльнае кармленне. Спецыялісты звязаліся з адной з прыродаахоўных устаноў, якая пагадзілася прыняць бугая.
Птушку аператыўна змясцілі ў цёплае памяшканне і накармілі свежай рыбай. Пасля аказання першай дапамогі яе перадалі для далейшай рэабілітацыі, а пазней транспартавалі ў Мінск.