Сінгл беларускага гурта Molchat Doma атрымаў «залаты» статус у ЗША
Сінгл «Sudno» перавысіў 500 000 копій
Мінскі постпанк-гурт Molchat Doma выклаў відэа «распакоўкі» афіцыйнага дыплома ад Амерыканскай асацыяцыі гуказапісвальных кампаній (RIAA) — сертыфіката, які пацвярджае «залаты» статус іх сінгла ў Злучаных Штатах, піша reform.news.
Сінгл «Sudno» перавысіў 500 000 копій, прададзеных у Злучаных Штатах, што дазволіла гурту атрымаць залаты дыск ад RIAA.
Кампазіцыя «Sudno» вызначаецца змрочным меланхалічным вайбам і апісвае паміранне чалавека ў бальніцы. Гэта кавер верша «Эмаляванае судна» рускага паэта Барыса Рыжага, які скончыў жыццё самагубствам ва ўзросце 26 гадоў.