БЕЛ Ł РУС

«Гэта не «надзень швэдар». Гэта холад, ад якога нікуды не схавацца». Як украінцы выжываюць без святла і цяпла ў халодных кватэрах

26.01.2026 / 08:16

Nashaniva.com

У сацсетках разышоўся допіс жыхаркі горада Чарнаўцы — вобласці, якая знаходзіцца на захадзе Украіны і мяжуе з Малдовай і Румыніяй, Вольгі Пападзюк, у якім яна распавядае, як гэта — жыць у пастаянным холадзе.

Кіеў, 15 студзеня 2026 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / Getty Images

«Я спецыяльна пішу гэта па-руску. Не таму што «так больш звыкла». А таму, што так дойдзе. Да тых самых рускамоўных рускіх у Расіі, якія любяць казаць: «Мы тут ні пры чым», «Гэта палітыка», «Мы па-за вайной». Дык вось — вы пры чым.

Я выжыву, бо ў мяне ёсць праца і хоць нейкія грошы. Бо так я магу пайсці ў «Спортлайф» і адагрэць цела пад гарачым душам. Бо так, я магу з'есці цёплы бургер у «Макдональдсе» і зрабіць выгляд, што жыццё працягваецца. Менавіта таму мне асабліва брыдка пісаць гэты тэкст. Многія не гарлапаняць і не скардзяцца. Але, су*а, як жа халодна. Гэта не «ой, зіма». Гэта не «надзень швэдар».

Гэта холад, ад якога няма куды схавацца. Ён у сценах. У падлозе. У пальцах. У галаве. Ён не сыходзіць, нават калі ты кладзешся пад тры коўдры і робіш выгляд, што спіш. Чарнаўцы. Цэнтр Еўропы. Шахеды амаль не лётаюць. Дзякуй, вядома. Затое 19 гадзін без святла. <…>

Я амаль упэўнена, што я выжыву. Я дажыву. Я знайду цёплы душ, ежу, разетку, кут. Але мне страшна не за сябе. Мне страшна за тых, хто не напіша. Хто проста сядзіць у халоднай кватэры і думае: «Галоўнае дацягнуць да раніцы». Старыя, матулі з немаўлятамі на руках.

У мяне ёсць тэрмас з гарбатай. У мяне ёсць бутэлькі з гарачай вадой у ложку. Я прыціскаю сына да сябе мацней. Я раблю ўсё правільна, як у інструкцыях па выжыванні. Але святло выключаюць на шэсць гадзін. Потым даюць на гадзіну. І за гэтую гадзіну ты не паспяваеш вярнуць цяпло. <…>

Сёння нехта памрэ ад холаду. Не на фронце. Не ад ракеты. Проста ў сваёй кватэры. Ціха. Без сведак. Прайшло восемдзесят гадоў пасля Другой сусветнай. Свет казаў «ніколі зноў». Людзі казалі «мы змяніліся». Нічога не змянілася. Людзі — усё тыя ж звяры».

Жыхарка Кіева Таццяна распавядае журналістам украінскай службы «Радыё Свабода», што дома не здымае зімовае адзенне — спіць у некалькіх камізэльках і шапцы. Тэрмометр у яе кватэры паказвае 1—2 градусы цяпла.

З-за холаду ў дамах замярзаюць трубы, а ў асобных кватэрах — вада ва ўнітазах і ракавінах. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула