БЕЛ Ł РУС

Чыноўніца прапануе па пятніцах прыходзіць на працу ў беларускім адзенні. І сама падала прыклад

25.01.2026 / 22:30

Nashaniva.com

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў снежні запусціла ініцыятыву пад назвай «Кожная пятніца — роднае, сваё», каб папулярызаваць усё беларускае.

Кацярына Ціханчук. Скрыншот СТБ

Кацярына Ціханчук, начальніца аддзела Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, расказвае:

«Мы хацелі, каб пятнічны складаны працоўны дзень і яго заканчэнне былі цудоўнымі і душэўнымі дзякуючы свайму, роднаму. Няхай у кожнага будзе вельмі добрай традыцыяй праводзіць час у пятніцу з сям’ёй з нашымі айчыннымі смачнымі беларускімі прадуктамі.

На працу можна прыйсці, напрыклад, у беларускім адзенні, і не толькі ў афіцыйным стылі, а можна таксама падысці да гэтага пытання крэатыўна, нестандартна. Суправаджаць усё гэта можна, слухаючы беларускія песні, музыку, вершы. Словам, мы хочам прыцягнуць яшчэ большую ўвагу да ўсяго беларускага.

Асаблівасць гэтага праекта ў тым, што ён не мае абмежаванняў, рамак, забаронаў».

Людзям прапануюць расказваць ведамству, як яны паўдзельнічалі ў гэтай ініцыятыве — па форме зваротнай сувязі, якая размешчана на афіцыйным сайце Міністэрства, або публікаваць фота і відэа ў сацсетках з хэштэгам #ДзеньРоднагаСвайго.

Сама маладая чыноўніца давала каментар у пятніцу — па-беларуску. І адзначыла, што прыйшла на працу ў касцюме аднаго з брэсцкіх вытворцаў.

«Вельмі люблю тавары нашых айчынных вытворцаў лёгкай прамысловасці».

Ціханчук адзначыла, што ў сацыяльных сетках больш чым за 2000 згадак па тэматыцы гэтага праекта міністэрства.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула