БЕЛ Ł РУС

Дуліна адказала Калеснікавай: Плашч намёртва прыстаў да Лукашэнкі. Лячыць трэба хваробу, а не сімптомы

25.01.2026 / 14:45

Nashaniva.com

«Усё зайшло занадта далёка. Таму баюся, што прапанова Машы проста не спрацуе», — у адказ на інтэрв'ю Марыі Калеснікавай напісала ў сябе ў фэйсбуку Наталля Дуліна, былая палітзняволеная дацэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якая сядзела разам з Калеснікавай у гомельскай жаночай калоніі.

Наталля Дуліна пасля вызвалення. Фота: прэсавая служба Офіса Святланы Ціханоўскай

У вялікім інтэрв'ю Марыне Золатавай Марыя Калеснікава заклікала Еўрасаюз перайсці ў трэк дыялогу з уладамі Беларусі. «Калі гэта робіць Амерыка, чаму гэта не можа рабіць ЕС?» — сказала Калеснікава. «Баюся, што прапанова Машы проста не спрацуе, — адказала ёй Наталля Дуліна. — Гэты плашч намёртва прыкарэў да Лукашэнкі, што нават пры ўсім жаданні ён не зможа сам яго зняць. Не захоча».

Марыя Калеснікава заклікала да «вяртання да нармальнасці»: «Вяртанне да нармальнасці — гэта не працэс, які адбываецца хутка ці за адзін дзень. Гэта паступовае змяншэнне ціску на грамадства і бізнэс, вывад краіны з ізаляцыі. Гаворка ідзе пра спыненне затрыманняў, прыпыненне дзеяння рэпрэсіўных законаў, пра тое, каб людзі маглі свабодна чытаць навіны, падарожнічаць, весці бізнэс і развіваць грамадзянскія ініцыятывы, спакойна вяртацца ў краіну, атрымліваць дакументы за мяжой. Для гэтага патрэбны зразумелыя і прадказальныя правілы — як для вяртання людзей, так і для працы незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці», — сказала Калеснікава.

Марыя Калеснікава верыць, што і лукашэнкаўцы самі зацікаўленыя ў пераменах у краіне.

«І тая сітуацыя, якая цяпер склалася ў нашай краіне, яна калісьці скончыцца. І чаму б ужо зараз не пачаць фармаваць атмасферу і глебу для таго, каб далейшая палітычная трансфармацыя адбылася менш балюча ці з найменшымі ўзрушэннямі?» — сказала Калеснікава.

«Ці магчыма такое вяртанне да нармальнасці пры цяперашняй уладзе? Раней пры Лукашэнку многія з гэтых рэчаў існавалі. Ці магчыма гэта зараз — складанае пытанне. Але пра гэта могуць гаварыць і заходнія партнёры, і ўлады ўнутры краіны таксама могуць разумець важнасць гэтага працэсу», — кажа Калеснікава.

Сярод тых, хто адгукнуўся на інтэрв'ю Калеснікавай, — Наталля Дуліна, былая палітзняволеная дацэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якая сядзела разам з Калеснікавай у гомельскай жаночай калоніі.

«Першае, што хацелася б адзначыць, — гэта цудоўная журналісцкая праца Марыны Золатавай. Я вельмі ўдзячная Вам, Марына, за Ваш прафесіяналізм і адначасова незвычайную чалавечнасць, эмпатыю, якія выпраменьвае гэтая размова, — напісала Дуліна ў сябе ў фэйсбуку. — Мяне захапіў Ваш адкрыты і вельмі ўважлівы водгук на гэткае ж шчырае і падрабязнае апавяданне Марыі Калеснікавай. Дзякуючы гэтаму інтэрв’ю мы шмат даведаліся пра Машу, хоць многае з таго, што было сказана, я ўжо даўно ўбачыла і зразумела з яе ўчынкаў і тых нешматлікіх і мімалётных, але неацэнных сустрэч з Машай у калоніі.

Мне вельмі хочацца адрэагаваць на некаторыя выказванні, якія закранулі мае эмоцыі, пачуцці і думкі. Проста не магу не падзяліцца гэтым.

І гэта тычыцца стаўлення Машы да магчымасці размаўляць з Лукашэнкам, псіхалагічна (так-так!) уздзейнічаць на яго. Маша нагадвае нам, што міласэрнасць — гэта праява незвычайнай маральнай сілы. Чалавек, які зрабіў добрую справу, адчувае, як гэта сказаць… ну, нешта накшталт маральнай палёгкі, адчувае задавальненне ад свайго шляхетнага ўчынку, і гэта робіць яго ў ягоных жа ўласных вачах моцным і непераможным.

Праблема ў тым, што Лукашэнка перайшоў тую мяжу, за якой ужо немагчыма здзяйсняць добрыя ўчынкі. Што б ён ні зрабіў цяпер, ні для яго самога, ні для іншых гэта не зможа сцерці глыбока ўедлівага таўра жорсткага і бязлітаснага злачынцы. Для яго цяпер на коне нават не страта ўлады, а страх страціць жыццё. Страціць элементарную свабоду і бяспеку. Усё зайшло занадта далёка. Таму баюся, што прапанова Машы проста не спрацуе.

Стаўленне да магчымасці вызвалення палітвязняў. Разумееце, сітуацыя з гэтымі людзьмі нагадвае прабітую лодку. Калі мы будзем проста вычэрпваць ваду (людзей, якія трапілі пад рэпрэсіі), пакуль мы не заткнем трывала прабоіну на яе дне, яна, лодка, будзе працягваць тануць. Таму спачатку трэба спыніць бесперапыннае нястрымнае паступленне вады, а потым вычарпаць усю ваду без рэшты. Я разумею, што такое параўнанне выглядае цынічным і кашчунскім, бо галоўнае, як сказала Маша, — гэта людзі. Але, кажучы медыцынскай мовай, мы лечым сімптомы, а не хваробу. І чым даўжэй мы спрабуем пазбаўляцца ад сімптаматычнага болю, тым больш небяспечным і смяротным становіцца гэтае сістэмнае захворванне.

Вярнуся да ўяўленняў Машы пра тое, як можна ўгаварыць Лукашэнку выпусціць людзей. Ёсць такая прыпавесць — нешта апошнім часам я захапілася прыпавесцямі — пра спрэчку паміж паўночным ветрам і сонцам, хто з іх мацнейшы. Каб праверыць гэта, яны вырашылі зладзіць спаборніцтва: хто зможа зняць плашч з адзінокага вандроўніка. Колькі б ні лютаваў вецер, які пускаў на чалавека невыносны холад, той яшчэ мацней захутваўся ў плашч. Калі ж выглянула Сонца і абагрэла замёрзлага падарожніка, ён сам зняў плашч, без ніякага прымусу — чалавек у ім больш не меў патрэбы.

Я таксама, як і Маша, лічу, што дабрыня можа растапіць любы холад, перамагчы самае, здавалася б, неўтаймоўнае зло. Але ёсць, як мне здаецца, у гэтым выпадку адно «але». Гэты «плашч» настолькі прыкарэў, настолькі намёртва прыстаў да Лукашэнкі, што нават пры ўсім жаданні ён не зможа сам яго зняць. Не захоча.

Ветру, вядома, прыйдзецца яшчэ і яшчэ паўтараць свае дзеянні, каб, нарэшце, адарваць гэтую злачасную, прасякнутую чужымі пакутамі абалонку. Каб ніякімі ўнутранымі сіламі яе было проста немагчыма ўтрымаць», — падсумоўвае Дуліна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула