БЕЛ Ł РУС

На свой дзень нараджэння Зяленскі з Наўроцкім, Наўседам і Ціханоўскай у Вільні ўшануе памяць Кастуся Каліноўскага

25.01.2026 / 12:19

Nashaniva.com

Гэта не проста пратакольны візіт, а сімвалічны жэст, які падкрэслівае адзінства чатырох нацый і гатоўнасць разам бараніць сваю свабоду і незалежнасць.

Гітанас Наўседа сустракае Уладзіміра Зяленскага ў Вільні, 25 студзеня 2026. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis 

25 студзеня, у нядзелю, Вільню наведаюць прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі і Польшчы Караль Наўроцкі. Разам з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам яны возьмуць удзел у памятных мерапрыемствах. Нагода для сустрэчы на вышэйшым узроўні — гадавіна Паўстання 1863—1864 гадоў.

У цырымоніі мае ўдзельнічаць і Святлана Ціханоўская.

Гэта не проста пратакольны візіт, а сімвалічны жэст, які падкрэслівае адзінства чатырох нацый і гатоўнасць разам бараніць сваю свабоду і незалежнасць. Асаблівасць моманту надае тое, што 25 студзеня — дзень нараджэння Уладзіміра Зяленскага.

Уладзіміру Зяленскаму сёння споўнілася 48 гадоў.

Менавіта ў Вільні, на Лукішскай плошчы, былі пакараныя смерцю лідары паўстання, у тым ліку беларускі нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі. У 2019 годзе іх цудам, у выніку апоўзня на гары Гедыміна, знойдзеныя парэшткі былі ўрачыста перапахаваныя ў капліцы на могілках Роса.

У капліцы, дзе спачываюць парэшткі паўстанцаў. Фота: Наша Ніва

24 студзеня ўшанаванне памяці паўстанцаў прайшло ў Варшаве. Вянкі ўсклалі прэзідэнты Польшчы і Літвы Караль Наўроцкі і Гітанас Наўседа. У цырымоніі ўзялі ўдзел таксама Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.

Архіўнае фота: Святлана Ціханоўская ўскладае вянок на могілках Роса. Фота: ОСЦ

Імя Кастуся Каліноўскага носіць полк беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула