НАТА плануе стварыць на мяжы з Беларуссю бязлюдную зону з робатамі і дронамі
НАТА плануе за два гады абсталяваць межы з Расіяй і Беларуссю аўтаматызаванай сістэмай абароны, якая ўключае робатаў, мноства датчыкаў і дронаў. Да мяжы таксама перакінуць вялікую колькасць тэхнікі і ўзбраенняў. Пра гэтыя планы журналістам газеты Welt am Sonntag расказаў намеснік начальніка штаба камандавання сухапутных сіл НАТА генерал Томас Ловін, піша Bild.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo / Michal Dyjuk
«Мы ўбачым значна большыя запасы зброі, чым раней, у дзяржавах НАТА на мяжы з Расіяй», — заявіў генерал Ловін.
Па яго словах, НАТА плануе ў асноўным абапірацца на тэхніку і будучую «складаную, шматузроўневую сістэму абароны» ўздоўж межаў з Расіяй і Беларуссю. Так званая аўтаматызаваная зона будзе абсталяваная такім чынам, што на першым этапе стрымліваць ворага будуць рабатызаваныя ўзбраенні і праціўніку «спачатку давядзецца яе пераадолець».
Сэнс задумы — зберагчы салдат: па словах Ловіна, гэтая зона будзе ў значнай ступені безлюднай.
Заявы генерала Ловіна — першае публічнае паведамленне пра новую канцэпцыю абароны НАТА пад назвай Eastern Flank Deterrence Line (EDFL, «лінія стрымлівання ўсходняга фланга»). Паводле інфармацыі газеты Welt am Sonntag, яе плануецца рэалізаваць да канца 2027 года.
Чытайце таксама:
У новай абароннай стратэгіі ЗША назвалі Расію «пастаяннай, але кантраляванай пагрозай»
У Еўропе абмяркоўваюць стварэнне як альтэрнатывы НАТА новага абарончага саюза з удзелам Украіны