БЕЛ Ł РУС

У Японіі ствараюць самы хуткі цягнік у свеце

23.01.2026 / 19:0

Nashaniva.com

Японія працуе над стварэннем найхутчэйшага ў свеце цягніка L0 Series. На выпрабаваннях гэты цягнік можа развіваць хуткасць да 603,5 км/г, што робіць яго хутчэйшым за любыя наяўныя цягнікі, у тым ліку кітайскі маглеў у Шанхаі, які дасягае 460,2 км/г. Для параўнання, у Еўропе самыя хуткія цягнікі TGV у Францыі і AGV Italo ў Італіі едуць не хутчэй за 306—354 км/г, піша Euronews.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Justin Brinkhoff / Pexels

Цягнік L0 Series выкарыстоўвае магнітную левітацыю (маглеў), дзякуючы якой вагоны «левітуюць» над рэйкамі і рухаюцца з дапамогай электрамагнітнага прываду. Камбінуючы электрычнасць і магніты, гэты метад дазваляе цягніку слізгаць у паветры на раней неймаверных хуткасцях.

Гэта дазваляе дасягаць неверагодных хуткасцяў і зменшыць час паездак: маршрут Токіа — Нагоя будзе займаць усяго 40 хвілін, а Токіа — Осака — каля гадзіны. Сёння падарожжа на гэтых маршрутах займае 1,5—4 гадзіны.

Праект вельмі дарагі — на яго ўжо выдаткавалі каля 59,9 мільярда еўра і планавалі скончыць у 2027 годзе, але больш рэалістычная дата адкрыцця — 2034—2035 гады.

Што да пераносу гэтага вопыту ў Еўропу, то ёсць сумневы, што такі цягнік будзе ў ёй надта запатрабаваны. L0 Series патрабуе вялікіх інвестыцый і спецыяльнай інфраструктуры: ён не можа хадзіць па цяперашніх рэйках, а частку дарог трэба пракласці праз новыя тунэлі. Акрамя таго, ён больш энергазатратны і мае меншую пасажырскую ёмістасць, што робіць яго складаным для акупальнасці ў еўрапейскіх умовах.

Чытайце таксама:

У Мінск зноў вяртаюцца гарадскія электрычкі

Пад Барселонай сышоў з рэек цягнік, загінуў машыніст, дзясяткі людзей паранены

Больш за 20 чалавек загінулі на поўдні Іспаніі ў чыгуначнай катастрофе

За наступную пяцігодку ў Беларусі плануюць абнавіць чыгуначны транспарт і рачны флот

Беларускія чыгуначнікі чысцяць шляхі спецыяльным цягніком

Каментары да артыкула