Габрыэлюс Ландсбергіс: Ціханоўская ніколі не адступала, ніколі не баялася
Такім меркаваннем былы міністр замежных спраў Літвы падзяліўся ў фэйсбуку.
Ландсбергіс напісаў, што рады, што Святлане Ціханоўскай прапанавана абарона ў Польшчы, але яму сумна, што літоўскі ўрад вырашыў адмовіцца ад гэтай важнай ролі.
«Святлана прыехала ў Літву ў 2020 годзе і адразу пачала сваю працу. Я меў прывілей працаваць побач з ёй і бачыў змагарку. Ніколі не адступала, ніколі не баялася, заўсёды была дакладна засяроджаная на сваёй мэце — свабодзе сваёй нацыі.
І гэта ніколі не было лёгка. Былі заходнія партнёры, якіх трэба было пераконваць, былі беларусы, якія не заўсёды былі гатовыя давяраць яе лідарству. Але я бачыў, як яна нястомна пераконвала заходнія сталіцы не адварочвацца ад пакут беларускага народа. Я быў сведкам таго, як яна будавала кааліцыі ўнутры беларускай апазіцыі. Не было ніводнай прапушчанай канферэнцыі ці сустрэчы. Заўсёды гучаў голас вольнага беларускага народа. Яна і была гэтым голасам», — напісаў ён.
Палітык кажа, што Ціханоўская кожны раз, куды б яна ні ехала, з годнасцю згадвала Літву.
«Пасля яе выступу ў парламенце адной з еўрапейскіх краін высокапастаўлены дыпламат з жартам сказаў, што ў асобе Святланы мы маем неацэннага літоўскага амбасадара. Пасля яе прамовы дэпутаты таго парламента думалі не толькі пра народ Беларусі, але і пра маю краіну — Літву. Гэтая старонка гісторыі маёй краіны завяршаецца. Я рады, што яна будзе працягнутая ў Еўропе, у Польшчы — для Святланы і для ўсіх змагароў за дэмакратыю. Я ўдзячны за гэта, жадаю ёй усяго найлепшага ў далейшай місіі дзеля Беларусі і назаўсёды застануся ўдзячны за ўсё, што яна зрабіла для Літвы», — дадаў ён.