БЕЛ Ł РУС

Што вядома пра 27‑гадовага загінулага добраахвотніка Аляксея Лазарава

22.01.2026 / 15:08

Вера Белацаркоўская

21 студзеня з'явілася навіна, што загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў. «Наша Ніва» расказвае пра маладога ваяра.

Аляксей быў інжынерам-праграмістам. Скончыў БДУ, у канцы 2019‑га быў прызваны на службу ў беларускую армію. У 2019‑м Лазараў балатаваўся ў дэпутаты па Каліноўскай акрузе, быў адным з арганізатараў кампаніі «Вучоба важнейшая» супраць закона, які скарачаў адтэрміноўкі ад арміі для студэнтаў.

Хлопец актыўна ўдзельнічаў у пратэстах 2020-га, дапамагаў назіральнікам на выбарчых участках, праз пагрозу арышту з’ехаў з краіны. Спачатку быў у Грузіі, а пасля перабраўся ва Украіну.

Аляксей прыйшоў на фронт у пачатку поўнамаштабнай вайны, калі Палка Каліноўскага яшчэ не існавала. Ён трапіў у беларускую роту тэрабароны «Азова», з якой пазней вырас Полк Каліноўскага. Хутка пасля яго да роты далучылася Вераніка Яновіч, на той час дзяўчына Аляксея. У сакавіку 2022 года яны пабраліся шлюбам.

Фота: Полк Каліноўскага

У 2022‑м Аляксей працаваў з пераноснымі зенітна-ракетнымі комплексамі, пазней яго прызначылі камандзірам разліку. Калі ў тым годзе разгарэўся скандал вакол тагачаснага штаба Палка, Аляксей быў сярод ваяроў, якія вырашылі сысці. Ён пісаў, што яму не падабаецца, што Полк стаў займацца палітыкай ад імя ваяроў, а ён як ваяр не мог уплываць на вырашэнні штаба. 

Але ў 2025‑м годзе Лазараў вярнуўся на фронт. Ён далучыўся да ўкраінскага 225‑га асобнага штурмавога палка, дзе займаўся дронамі. 

Хлопец (Аляксей узяў пазыўны «Вуж») удзельнічаў у абароне Кіева, у вызваленні Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях, бітвах на Луганскім і Данецкім кірунках. 

Фота: Полк Каліноўскага

Аляксей загінуў 19 студзеня, яму было 27 гадоў. Пахаваюць хлопца ў Львове.

Чытайце таксама:

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў

З Кіева за студзень выехалі 600 тысяч чалавек

Келаг: Мір ва Украіне можа наступіць да восені

Каментары да артыкула