Чым небяспечны папулярны флэшмоб, які завірусіўся ў сацсетках
У сацыяльных сетках набірае абароты чарговая хваля папулярнага трэнду: карыстальнікі масава публікуюць калажы, параўноўваючы свае фота дзесяцігадовай даўніны з сучаснымі здымкамі. Аднак эксперты па кібербяспецы папярэджваюць: тое, што для людзей выглядае як забаўная настальгія, для распрацоўшчыкаў штучнага інтэлекту і махляроў з’яўляецца ідэальнай базай дадзеных.
Фота: vecteezy.com
Удзельнічаючы ў флэшмобе, карыстальнікі добраахвотна ствараюць так званыя «датасэты» — наборы дадзеных, на якіх навучаецца штучны інтэлект, папярэджвае тэлеграм-канал «PR і Digital у дзяржсектары».
Калі вы выстаўляеце два фота з дакладнай розніцай у часе, вы вучыце алгарытмы распазнаваць узроставыя змены твару з высокай дакладнасцю; аналізаваць дынаміку старэння партатыўных біяметрычных дадзеных; ідэнтыфікаваць асобу нават пры дрэннай якасці старых здымкаў.
Чым гэта пагражае карыстальнікам
Асноўная рызыка заключаецца ў стварэнні дыпфейкаў. Атрымаўшы інфармацыю пра тое, як мяняўся ваш твар, махляры могуць генераваць відэа, якія амаль немагчыма адрозніць ад рэальных. Гэта адкрывае шлях да маніпуляцый з банкаўскімі сэрвісамі, дзе выкарыстоўваецца распазнаванне твару.
Акрамя таго, падпісваючы фота падрабязнасцямі («тут я на першым курсе БДУ» або «мой першы офіс у 2014-м»), людзі самі выдаюць адказы на кантрольныя пытанні для аднаўлення пароляў і становяцца мішэнню для сацыяльнай інжынерыі.
«Вы самі даяце злачынцам зачэпкі: дзе вучыліся, з кім сябравалі і як выглядалі. Гэта падмурак для маніпуляцый і крадзяжу доступу да акаўнтаў», — папярэджваюць адмыслоўцы.
Як засцерагчыся
Спецыялісты раяць не выкарыстоўваць шаблонныя хэштэгі і маскі для такіх параўнанняў. Калі вы хочаце падзяліцца ўспамінам, варта прынамсі:
абмежаваць кола гледачоў толькі блізкімі сябрамі;
выдаляць з файлаў метаданыя (дату і месца здымкі);
Не пішыце пад фота дэталі: год, месца,вучоба / праца, імёны;
не публікуйце буйныя партрэты ў фарматах «да / пасля».
Памятайце, што любы вірусны трэнд у сацсетках — гэта не проста гульня, а механізм масавага збору вашай асабістай інфармацыі.