БЕЛ Ł РУС

На калготках ад Mark Formelle пасля мыцця імбірныя пернікі ператварыліся ў пухнатых вусеняў. Многім нават спадабалася

21.01.2026 / 22:46

Nashaniva.com

Беларускія карыстальніцы ў сацсетках абмяркоўваюць незвычайную асаблівасць дзіцячых калготак ад брэнда Mark Formelle: пасля мыцця прынты на іх моцна «распушваюцца» і пачынаюць выглядаць зусім інакш, нібы жывуць уласным жыццём, піша Blizko.by.

Адна з жанчын напісала ў Threads, што калготкі яе дзіцяці раптам змянілі выгляд: малюнкі імбірных пернікаў на іх ператварыліся ў нешта падобнае да пухнатых вусеняў. Да допісу яна прыклала фота, дзе добра відаць, што пасля мыцця тканіна стала махрыстай, а самі малюнкі сапраўды нагадваюць вусеняў.

Гэтая метамарфоза многім прыйшлася даспадобы. У каментарыях людзі жартавалі, што ніколі не думалі, што калготкі могуць так рассмяшыць, параўноўвалі малюнкі з нашэсцем шматножак, «валасамі дыбарам» і нават з падрыхтоўкай да Вербнай нядзелі. Хтосьці пажартаваў, што вясной «вусені» ператворацца ў матылькоў, а да лета застануцца проста белыя калготкі.

На допіс адрэагаваў і сам вытворца. Прадстаўнік Mark Formelle падзякаваў за водгук, паведаміў, што інфармацыя перададзена на вытворчасць для праверкі, і прапанаваў прынесці калготкі ў краму, каб лепш разабрацца ў сітуацыі.

Аднак многія карыстальнікі адказалі, што нічога мяняць не трэба: на іх думку, гэта не недахоп, а адметная «фішка». Яны пісалі, што калготкі атрымаліся вельмі мілыя, «два ў адным», і прапаноўвалі нават развіць ідэю — напрыклад, рабіць такія ж эфекты з мішкамі, кацянятамі ці куранятамі, бо дзецям гэта вельмі падабаецца.

Разам з тым знайшліся і незадаволеныя пакупнікі. Яны адзначылі, што для іх такі эфект выглядае як праблема з якасцю і што гэта не першы выпадак, калі прадукцыя Mark Formelle у сегменце панчошна-шкарпэткавых вырабаў іх расчароўвае.

Чытайце таксама:

Ці можна насіць адны і тыя ж шкарпэткі некалькі дзён? Мікрабіёлагі даюць адназначны адказ

Mark Formelle пачаў выпускаць адзенне для немаўлят

«На плячах маечка Mark Formelle». Гурт Leibonik выпусціў новы альбом

Брэнд Mark Formelle трапіў у скандал, нахаміўшы кліентцы на роўным месцы

Mark Formelle выпусціў калекцыю «Мілы Мінск»

Каментары да артыкула