БЕЛ Ł РУС

МУС абвяргае, што індыйская жанчына трапіла ў Беларусі ў працоўнае рабства, і выклала ўласную версію яе гісторыі

21.01.2026 / 22:29

Nashaniva.com

Міністэрства ўнутраных спраў выступіла з афіцыйным абвяржэннем інфармацыі, што з'явілася раней, пра траплянне грамадзянкі Індыі ў працоўнае рабства ў Беларусі і немагчымасць вярнуцца на радзіму. Ведамства сцвярджае, што гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, запісаўшы відэа і з самой жанчынай.

Скрыншот з відэа

Як паведамілі ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі, 38‑гадовая замежніца прыбыла ў Беларусь у лістападзе мінулага года з мэтай працаўладкавання. На падставе кантракта з сельскагаспадарчым прадпрыемствам ёй выдалі дазвол на часовае пражыванне і нібыта забяспечылі жыллём з усімі выгодамі, хоць сама жанчына гаварыла, што жыве ў кароўніку.

Аднак ужо праз восем дзён, як сцвярджаецца, працоўныя адносіны з наймальнікам былі спыненыя, пасля чаго дазвол на часовае пражыванне жанчыне анулявалі. Пасля гэтага яна выязджала ў Расію, а затым зноў вярнулася ў Беларусь.

Сама мігрантка ў відэа патлумачыла, што ў Індыі агент узяў з яе за працаўладкаванне ў Беларусі 500 тысяч рупій (каля 5500 даляраў), але праца аказалася не такая, на якую яна разлічвала. Калі ж яна паспрабавала з ім звязацца, то тэлефон нібыта быў заблакаваны.

Цяпер жанчыне, як сцвярджае МУС, аказваецца неабходная дапамога, у тым ліку ў пытаннях арганізацыі вяртання на радзіму. Органы ўнутраных спраў праводзяць праверку, каб высветліць усе абставіны яе знаходжання ў краіне, а таксама ўстанавіць асоб, датычных да яе працаўладкавання. 

Раней гісторыя жанчыны была з яе слоў апісаная ў індыйскім выданні Divya Bhaskar. Там Міна Джошы расказала, што яе накіравалі ў Беларусь з абяцаннем працы па ўпакоўцы садавіны і штомесячнага заробку ад 70 000 да 80 000 рупій (2200—2500 рублёў). Аднак, паводле яе слоў, яна не атрымала ні абяцанай працы, ні заробку. Цяпер яна хоча вярнуцца ў Індыю, але не мае грошай на набыццё зваротнага білета.

Чытайце таксама:

Удава з Індыі кажа, што трапіла ў бяду ў Беларусі і яе трымаюць у нейкім кароўніку

Імпарт людзей: Беларусь гадамі пляжыла Еўропу за мігрантаў, цяпер сама джгае тым жа шляхам

Беларусам загадалі больш нараджаць і жыць даўжэй. Але як вырашыць праблемы з дэмаграфіяй?

МУС агучыла лічбы, колькі ў Беларусь прыязджае працоўных мігрантаў

Сёлета з Беларусі дэпартавалі больш за 3,6 тысячы замежнікаў

Каментары да артыкула