Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў
Пра гібель Аляксея паведаміла яго жонка Вераніка. Яму было 27 гадоў.
«Загінуў мой свет, даражэнькі муж Аляксей Лазараў. У пачатку 2025 году ён павярнуўся на службу ў ЗСУ і годна абараняў неба. Ён ёсць і быў выдатным сынам беларускай зямлі. Я захаплялася і захапляюся яго прагненнем да лепшага свету, у якім мы так хацелі стварыць вялікую сям’ю», — напісала яна.
Абодва, і Аляксей, і Вераніка, уступілі ў шэрагі палка імя Кастуся Каліноўскага. У сакавіку 2022 года падчас абароны Кіева пара ажанілася.
«Ты паказаў мне сапраўднае каханне, сапраўднае сяброўства. Ты любіў мяне з такім клопатам і ўвагай, што я сама пачала сябе любіць. Ты быў усім, і вось усяго цяпер няма. Чакаю нашай сустрэчы ў лепшым свеце, маё каханне. Пабачымся ў сне», — напісала Вераніка.
Аляксею было 27 гадоў. Ён скончыў БДУ. У лістападзе 2019 года быў прызваны на службу ва ўзброеныя сілы, быў камандзірам аддзялення пераносных зенітна-ракетных комплексаў, атрымаў званне малодшага сяржанта. Да і пасля войска быў адным з арганізатараў кампаніі «Вучоба важнейшая» супраць закона, які скарачаў адтэрміноўкі ад арміі для студэнтаў.
У 2019 годзе спрабаваў стаць дэпутатам, балатаваўся ў парламент.
Актыўна ўдзельнічаў у вулічных акцыях супраць вынікаў выбараў 2020 года, дапамагаў назіральнікам на выбарчых участках у Мінску. Праз пагрозу турмы з’ехаў з Беларусі. Жыў у Грузіі, потым перабраўся ва Украіну, у Львоў.
Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, запісаўся добраахвотнікам.
Аляксей сыходзіў з украінскага войска, але, як вынікае, вярнуўся.
Пахаванне адбудзецца ў Львове.