БЕЛ Ł РУС

«Анліфаншчыца з Пінска» кажа, што яна не анліфаншчыца і не ў рабстве ў М'янме

21.01.2026 / 01:26

Nashaniva.com

Валерыя лічыць, што інфармацыю пра яе распаўсюдзілі нядобразычліўцы.

Валерыя. Фота з яе тэлеграма

Дзяўчыну завуць Валерыя і яна сапраўды з Пінска — праўда, ёй 22 гады.

Валерыю няправільна называць анліфаншчыцай — яна сапраўды некалі спрабавала прадаваць гарачыя здымкі, але на іншых падобных платформах. Дый ужо даўно гэтым не займаецца, яе акаўнты схаваныя ці выдаленыя.

Валерыя раней жыла ў Тайландзе, у Патаі. У чатах яна аглядала тусоўкі, расказвала пра тайскую ежу і свае гастранамічныя прыгоды — напрыклад, як каштавала мяса акулы — і пісала пра турніры па настольным тэнісе. Яе паведамленні і відэа ў Telegram выглядаюць як жыццё звычайнай тусоўшчыцы, а не нарказалежнай з «сумніўных кампаній», як яе апісвалі расійскія медыя.

Журналіст «Нашай Нівы» пад выглядам зацікаўленага чалавека напісаў дзяўчыне ў адзін з акаўнтаў. З яго неўзабаве адказалі:

«Са мной ўсё добра, я не ў рабстве. Я не ведаю, адкуль узялася гэтая інфармацыя.

Я мяркую, што нехта точыць на мяне зуб. Бо іначай патлумачыць тое, што інфармацыя з'явілася і так разляцелася за пару гадзін, я не магу».

Цяпер Валерыя не ў Патаі і не ў Пхукеце. На пытанні пра тое, куды яна адправілася цяпер, дзяўчына не адказала, але кажа, што інфармацыя тэлеграм-канала Shot непраўдзівая.

Хто быў крыніцай інфармацыі для расійскага медыя Shot, пакуль незразумела. Але мяркуючы па тым, што чалавек няправільна назваў узрост Валерыі, гэта не сваяк дзяўчыны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула