На Зімовую Алімпіяду ў Італію едзе катастрафічна нізкая колькасць беларускіх спартоўцаў
На пасяджэнні Выканаўчага камітэта Нацыянальнага алімпійскага камітэта сёння быў зацверджаны склад дэлегацыі на Зімовыя Алімпійскія гульні ў Італіі, паведамляе прэс-служба НАК.
Фота: biathlonworld.com
На галоўным старце чатырохгоддзя выступяць усяго пяцёра беларускіх спартсменак у пяці дысцыплінах. Гэта Ганна Гуськова (фрыстайл), Марына Зуева (канькабежны спорт), Вікторыя Сафонава (фігурнае катанне), Ганна Каралёва (лыжныя гонкі) і Марыя Шканава (горныя лыжы).
Першапачаткова ліцэнзію ў лыжных гонках заваявала Ганна Мачэхіна, але квота ў гэтым відзе спорту не з’яўляецца імянной. Па рашэнні трэнераў пуцёўка перайшла лідарцы нацыянальнай каманды Каралёвай.
Ніколі, пачынаючы з 1994 года, склад беларускай дэлегацыі не быў такім малым. Часцей было ў раёне 30 спартоўцаў (плюс/мінус тры), на мінулай Алімпіядзе ў Пекіне — 29. У Нагана-1998 — 59.
Але пасля поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны на расійскі і беларускіх спорт былі накладзеныя санкцыі, і беларускія і расійскія атлеты — біятлон, фрыстайл, хакей — адхіленыя ад большасці спаборніцтваў. Толькі ў снежні фрыстайлісты дабіліся вяртання ў сусветны спорт, але алімпійскую ліцэнзію заваявала толькі Ганна Гуськова, сярод мужчын не заваяваў ніхто.
На мінулай Алімпіядзе беларусы заваявалі два срэбры: у фрыстайле Ганна Гуськова і ў біятлоне Антон Смольскі. Гэтым разам біятланісты на Алімпіяду не едуць.
Зімовыя алімпійскія гульні пройдуць у Мілане і Карціне д'Ампеца з 6 да 22 лютага.
Дапоўнена.
На наступны дзень, у сераду, стала вядома, што дадатковыя дзве квоты атрымалі фрыстайлісткі Ганна Дзяруга і Анастасія Андрыянава. Такім чынам у Італіі будзе сем беларускіх спартоўцаў, прычым усе дзяўчаты.