БЕЛ Ł РУС

Мацкевіч: Ціханоўскую зняць, замяніць, пераабраць нельга. Не мучайцеся. Нельга — і ўсё

20.01.2026 / 12:18

Nashaniva.com

Філосаф і былы палітвязень раіць усім скарыстацца сімвалічным капіталам Ціханоўскай для дасягнення агульнай мэты.

Уладзімір Мацкевіч на сустрэчы ў Вільні 18 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

Філосаф Уладзімір Мацкевіч выклікаў агонь на сябе. Ён рэзка раскрытыкаваў тых, хто дыскрэдытуе Святлану Ціханоўскую, і прызнаў, што зачараваны ёй як унікальнай з’явай.

«Захавайце тое, што я зараз напішу. У мемарыз! Як казалі на досвітку інтэрнэту. Або зарубіце сабе на носе! Як казалі настаўнікі тармазнутым вучням у тыя часы, калі з імі не насіліся як з пісанай торбай.

Ціханоўскую зняць, замяніць, пераабраць НЕЛЬГА.

Нельга — і ўсё. Не таму, што я ў яе закаханы (а я і праўда ёй зачараваны), не таму, што ў ёй вельмі мае патрэбу Франак Вячорка ці нехта яшчэ.

А таму, што яна стала Святланай Ціханоўскай у выніку ўнікальнай і непаўторнай падзеі. Гэта немагчыма паўтарыць, а галоўнае — і не трэба. Таму ніхто не можа заняць яе месца.

Не мучайцеся, не рабіце таго, што НЕМАГЧЫМА.

Лепш думайце пра тое, як гэтай унікальнай з’явай скарыстацца. Выкарыстаць яе ў мірных мэтах, для дасягнення нашай агульнай мэты. Бо пакуль велізарны сімвалічны капітал (дарэчы, не яе асабісты капітал, а наш агульны) Святланы Ціханоўскай растрачваецца. І імкліва растае. Як бацькоўская спадчына, якую марнатравяць ханурыкі-мажоры.

І ўсе, хто з дурноты лае і дыскрэдытуе Ціханоўскую, — гэта і ёсць тыя самыя марнатраўцы.

Сказанае не датычыцца Офіса і Кабінета. Іх трэба крытыкаваць — і ёсць за што. Супрацоўнікі Офіса і Кабінета таксама марнуюць не свой капітал», — пераконвае Уладзімір Мацкевіч.

Філасаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч у жніўні 2021 года быў арыштаваны КДБ. У чэрвені 2022 года Мінскі абласны суд асудзіў яго на пяць гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах, стварэнне «экстрэмісцкага фармавання» і «абразу Лукашэнкі». У верасні 2025 года быў вызвалены і дэпартаваны ў Літву.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула